У Наваполацку рэалізуецца інавацыйны праект «Ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада»

Інавацыйны праект «Ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада» актыўна рэалізуюць у Наваполацку пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Нядаўна дваццаць педагогаў горада атрымалі сертыфікаты па прасоўванні прынцыпаў інклюзіўнай адукацыі, пераход да якой з'яўляецца адной з вядучых сусветных тэндэнцый апошніх гадоў.

Інклюзія прадугледжвае рэальнае ўключэнне людзей з інваліднасцю ў розныя сферы грамадскага жыцця. Гэты новы погляд на месца асобы ў сацыуме звязаны з працэсам гуманізацыі чалавечых адносін, і наша краіна рухаецца ў русл е сучасных пераўтварэнняў. На дзяржаўным узроўні зацверджана канцэпцыя і распрацаваны план адпаведных мерапрыемстваў. Да 2020 года плануецца ахапіць інклюзіўнымі формамі атрымання адукацыі каля 80% дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Распаўсюджваецца міжнародны вопыт з улікам спецыфікі кожнага рэгіёна. Паказальна, што Наваполацк стаяў ля вытокаў руху па рэалізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця, ён першым у Беларусі далучыўся да глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ і стаў уладальнікам ганаровага звання «Горад, дружалюбны дзецям».

Праект разлічаны на тры гады, аб'ём яго фінансавання -- 514 тыс. еўра, з якіх 82% сродкаў выдзеліць Еўрасаюз і 18% -- гарвыканкам. Партнёрамі выступаюць Беларускі саюз транспартнікаў і Беларускае таварыства інвалідаў.

– Наша галоўная мэта – змяніць стаўленне грамадства да людзей з інваліднасцю, стварыць для іх роўныя магчымасці ў атрыманні адукацыі і развіцці сваіх здольнасцей. Пры гэтым важна не толькі стварыць безбар'ернае асяроддзе, але і разбурыць псіхалагічныя стэрэатыпы, навучыць жыхароў горада разуменню сутнасці пытання, правілам узаемадзеяння з дадзенай катэгорыяй суграмадзян, – адзначыў куратар праекта, намеснік старшыні Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Самуськаў.

Каб павысіць кампетэнтнасць розных груп насельніцтва, навапалачане праводзяць цыкл навучальных семінараў. Першы з іх сабраў педагогаў і прайшоў на базе СШ №8 – адной з васьмі эксперыментальных пляцовак. Дзеці з абмежаванымі

магчымасцямі, у тым ліку інваліды-калясачнікі, навучаюцца тут разам са звычайнымі рабятамі, якія ўсяляк стараюцца дапамагчы сваім асаблівым аднакласнікам.  

–  Дыферэнцыраваны падыход у навучанні і выхаванні мы ўжываем ужо больш за дваццаць гадоў. Створаны ўмовы, пры якіх кожнае дзіця мае шанец на дасягненне поспеху, – распавяла дырэктар СШ №8 Ніна Адынец.

Інтэрактыўны семінар па прасоўванні інклюзіўнай адукацыі таксама праводзілі педагогі СШ №8, якія раней прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў Мінску: псіхолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Святлана Літвін і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік-дэфектолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, член рэспубліканскай трэнерскай каманды па інклюзіі Таццяна Парадня. Усяго за чатыры дні ім удалося згуртаваць сваіх падапечных у каманду аднадумцаў, развеяўшы першапачатковыя сумненні і насцярожанасць.

– Прымаць людзей трэба такімі, якія яны ёсць. Кожны чалавек асаблівы, у яго павінны быць магчымасці для раскрыцця патэнцыялу. Лічу гэта галоўным пасланнем для нашай наступнай працы, – адзначыў малады настаўнік геаграфіі Дзмітрый Кузняцоў.

Паэтапна інклюзіўную прастору трэба будзе сфарміраваць па ўсім горадзе. У межах ажыццяўлення праекта будзе закуплена абсталяванне для дыстанцыйнага навучання, пабудаваны ліфт і рэканструявана спартыўная пляцоўка СШ №8, адаптавана пад патрэбы дзяцей з асаблівымі патрэбамі інфраструктура Палаца дзяцей і моладзі, аздараўленчага лагера «Ізумрудны».

Ларыса Малашаня, фота аўтара. «Віцебскія весці».