У Наваполацку адбыўся ІІІ спартыўна-турысцкі злёт органаў дзяржаўнага кіравання Віцебскай вобласці (+фотарэпартаж)

В Новополоцке состоялся III спортивно-туристский слет органов государственного управления Витебской области (+фоторепортаж)

На базе Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву прайшоў III спартыўна-турысцкі злёт супрацоўнікаў органаў дзяржаўнага кіравання Віцебскай вобласці.





Сімвалічна, што чарговае свята спорту супала з галоўнымі спаборніцтвамі 4-годдзя – Алімпіядай у Рыа-дэ-Жанейра. Дарэчы, запал на пляцоўках злёту таксама кіпеў нясцерпны. Чыноўнікі (а тут былі прадстаўлены каманды ўсіх гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў Віцебска) падымалі цяжкую штангу, гулялі ў валейбол і баскетбол, даказвалі, у каго цвярдзей рука і зорчэй вока ў стралковым ціры, бегалі, ездзілі на веласіпедах, металі бервяно, пераадольвалі турыстычную паласу перашкод…



Месца правядзення злёту выбрана невыпадкова. Наваполацкае вучылішча славіцца сваімі перамогамі, мае прыстойную базу па розных відах спорту. Яго дырэктар Валерый Гушчын не хавае задавальнення ад апошняга візіту кіраўніка Беларускай федэрацыі біятлона старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і старшыні савета дырэктараў кампаніі «Амкадор» Аляксандра Шакуціна, якія падарылі дарагую тэхніку для падрыхтоўкі лыжнай трасы. Нядаўна на тэрыторыі спартыўнай установы заклалі сваю Алею Славы. Першы саджанец пасадзіў прызёр Алімпійскіх гульняў Вадзім Дзевятоўскі, а апошняе на дадзены момант з амаль паўсотні дрэў – старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў як раз у дзень пачатку стартаў.

Адкрываючы злёт, кіраўнік вобласці падкрэсліў, што першапачаткова мэта правядзення падобных мерапрыемстваў была праз работнікаўдзяржаўнага кіравання давесці да насельніцтва каштоўнасці здаровага ладу жыцця, паказаць прыклад актыўнай пазіцыі. Але, напэўна, самае асноўнае, падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч, – прыцягнуць да спорту чыноўнікаў і каб яны даведаліся аб тых праблемах, якія ёсць у спартыўнай сферы. А іх шмат: ад недахопу формы, абсталявання, інвентару да адсутнасці пляцовак. Ёсць закінутыя стадыёны, якія трэба аднаўляць. «Хто, як не вы, павінен ствараць тую базу, на якой мы будзем трэніраваць нашых будучых алімпійцаў? Калі вы самі акунецеся ў атмасферу спорту, я не сумняваюся, да нас прыйдуць поспехі і матэрыяльна-тэхнічная база будзе яшчэ больш сучаснай», – упэўнены Мікалай Шэрстнёў.





Хоць многае робіцца ў гэтым плане і ў цяперашні час, як рабілася і ў мінулым. Пабудаваны выдатныя лядовыя палацы, яны сёння ўсе запоўнены: лёд распісаны з 5 раніцы да 12 ночы. Да святаў улады імкнуцца прымеркаваць здачу спартыўных аб'ектаў. Так, да апошніх «Дажынак» у Талачыне пабудавана спартыўная пляцоўка. Дапамогу ў яе ўзвядзенні аказала рэспубліканская федэрацыя прафсаюзаў. Сёлета ў Сенне будзе ўведзены новы аб'ект – фізкультурна-аздараўленчы комплекс, добраўпарадкаваны стадыён. Літаральна месяц таму адкрыты цудоўны спартыўны комплекс у Воршы з залай для заняткаў боксам і выдатным залам для гульнявых відаў спорту. Прывялі ў парадак Віцебскі ЦСК, на працягу месяца ў абласным цэнтры запрацуе новая зала цяжкай атлетыкі. І такіх прыкладаў шмат, але аб'ектаў усё роўна недастаткова, лічыць кіраўнік вобласці. Мы невялікая краіна, і, каб годна выглядаць на сусветным узроўні, павінны стварыць базу, каб трэніраваць дзетак ужо з дзіцячага садка. Адарослыя павінны паказваць прыклад. Кіраўнік вобласці павіншаваў прысутных са святам спорту і пажадаў паспяховага выступлення.

Характэрны факт. Калі раней першыя асобы рэгіёнаў у абавязковым парадку ўдзельнічалі толькі ў спаборніцтвах па стральбе (сёння перамог кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Сяргей Сташэўскі), то цяпер да яе дадаўся і бадмінтон (вікторыю святкаваў старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карабач).

Дарэчы, сам Мікалай Шарстнёў, будучы зусім не статыстам у пералічаных дзвюх дысцыплінах, паказаў выдатныя вынікі ў штуршку двухпудовай гіры (50 разоў, 2-е месца) і жыме штангі лежачы (160 кг, першае месца). Гледачы пасля падыходаў не раз скандавалі шматгалоснае: «Малайчына!». У апошняй дысцыпліне па-за конкурсам пазмагаўся з бацькам і Уладзімір Шарстнёў, які прыехаў дзеля такой нагоды са сталіцы. Трохі адстаў, але паказаў вынік, годны трапляння ў прызёры.

Што тычыцца вынікаў злёту, то першае месца прагназуема з вялікім адрывам дасталася дружыне аблвыканкама.


За ёй размясціліся каманды Бешанковіцкага і Лёзненскага раёнаў.



Заслужаныя ўзнагароды пераможцам у камандных і індывідуальных спаборніцтвах уручылі старшыня аргкамітэта па правядзенні злёту, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў і начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч.

Пасля заканчэння спаборніцтваў пацікавіўся у кіраўніка абласной улады наконт месца правядзення чарговых стартаў. Варта задача не проста правесці турзлёт, а паказаць узровень, існуючыя базы, каб

кожны ведаў, на што раўняцца. З месцам новых стартаў пакуль яшчэ не вызначыліся, хоць два прэтэндэнты ўжо напрошваюцца: гэта дзіцячы санаторый «Жамчужына» пад Лепелем і Орша з яе развітой інфраструктурай. Так што спаборніцтвам на яшчэ больш высокім узроўні адназначна быць.

Алесь Бынькоў.Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА. "Віцебскія весці".