У Наваполацку ўведзена ў эксплуатацыю другая чарга унікальнага комплексу «Яслі-сад – пачатковая школа»

Ва ўрачыстым адкрыцці важнага сацыяльнага аб'екта прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін, начальнік упраўлення адукацыі Дзмітрый Хома, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Васіль Драбатаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Дзевятоўскі.

Новы вучэбна-педагагічны комплекс займае плошчу больш за 15 тыс. кв. м, складаецца з трох карпусоў і з'яўляецца адным з самых вялікіх у краіне. Яго будаўніцтва пачалося пяць гадоў таму і было абумоўлена дэфіцытам устаноў адукацыі ў інтэнсіўна развіваючыхся мікрараёнах, дзе пражывае шмат маладых сем'яў.

Летась завершана першая чарга, якая складаецца з ясляў-сада на 294 месцы і агульнашкольнага блока з басейнам, сталоўкай, актавай і спартыўнай заламі. І вось цяпер, на апошнім этапе, уведзена ў строй пачатковая школа, якая стала філіялам гімназіі №1. У цэлым на будаўніцтва было затрачана каля 128 млрд. недэнамінаваных рублёў са сродкаў гарадскога і абласнога бюджэтаў.

Інвестыцыямі ў будучыню назваў гэтыя ўкладанні намеснік старшыні аблвыканкама.

– Адным з прыярытэтаў развіцця вобласці, – падкрэсліў Уладзімір Пянін, – з'яўляецца стварэнне не толькі камфортнага асяроддзя для пражывання, але і ўмоў для выхавання і духоўнага развіцця падрастаючага пакалення. Абласны выканаўчы камітэт пастаянна падтрымлівае сістэму адукацыі, штогод выдзяляючы на яе ўтрыманне каля 30% бюджэту, у бягучым годзе гэта больш за 510 млн. рублёў. Вядзецца будаўніцтва дашкольных устаноў у Віцебску, Оршы, Глыбокім, мадэрнізацыя школ у Талачыне і Дубровне.

Сёння на Віцебшчыне пражывае 220 тысяч дзяцей і падлеткаў да 18 гадоў. Радуе, адзначыў Уладзімір Пятровіч, што з кожным годам павялічваецца нараджальнасць, і Наваполацк з'яўляецца адным з лідэраў па росце насельніцтва. Сімвалічны і той факт, што нафтаграду першым у Беларусі было прысвечана ганаровае званне горада, дружалюбнага дзецям.

Падарункам для новасёлаў ад аблвыканкама стаў

сертыфікат на 15 тысяч рублёў.

Акрамя таго, 10 тыс. руб. на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы новай школы перадаў старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў. За дапамогу ў узвядзенні знакавага аб'екта кіраўнік города выказаў удзячнасць кіраўніцтву аблвыканкама, упраўленню адукацыі, намесніку прэм'ер-міністра Беларусі Наталлі Качанавай, а таксама шчыра падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве – ад разметкі тэрыторыі да апошняга дызайнерскага штрыха.

Генеральны дырэктар будтрэста №16 Аляксандр Фрол перадаў сімвалічны ключ ад новай школы дырэктару гімназіі №1 Наталлі Алданавай.

Затым была перарэзана чырвоная стужка, і гаспадары запрасілі гасцей на экскурсію па будынку, дзе ўжо з пачатку другой чвэрці за парты селі 285 юных навапалачан. Па ўсім было відаць, што ім вельмі падабаецца новы дом ведаў – прасторны, светлы, утульны, абсталяваны па самых сучасных стандартах з прымяненнем інавацыйных падыходаў.

Камп'ютарныя класы, спецыяльныя кабінеты працы, спеваў, харэаграфіі, асобныя памяшканні для заняткаў з псіхолагам і дэфектолагам аснашчаны ўсім неабходным. Умацоўваць здароўе дзецям дапамогуць спартыўныя залы, басейн і медыцынскі блок, аб карысным харчаванні пазабяспечаць работники сталовых і буфета.

– Аб такіх шыкоўных умовах можна толькі марыць. Горад расце, развіваецца, і ён варты такога цудоўнага падарунка, – падзяліўся ўражаннямі Вадзім Дзевятоўскі.

Удзельнікі ўрачыстага адкрыцця пакінулі першыя запісы ў кнізе летапісу школы, пажадаўшы вучням і педагогам творчых поспехаў, удачы і дабрабыту.

Ларыса Малашаня, «Віцебскія весці». Фота газеты «Наваполацк сёння».