У Наваполацку выбралі самую прыгожую настаўніцу

В Новополоцке выбрали самую красивую учительницу

Настаўніца замежнай мовы наваполацкай СШ №12 Кацярына Кучарэнка стала пераможцай першага гарадскога конкурсу прыгажосці і творчасці «Міс Адукацыя», які сабраў 17 чароўных прадстаўніц школ і дашкольных устаноў нафтаграда.

Конкурс быў прысвечаны Году моладзі і праводзіўся з мэтай прапаганды эталона прыгажосці сярод маладых педагогаў. Дзяўчатам давялося прайсці праз сур'ёзныя выпрабаванні, прадэманстраваць кемлівасць, эрудыцыю, красамоўства і шматлікія таленты. З асаблівым хваляваннем яны аднесліся да вырабу падарункаў ветэранам. Творчыя працы ў выглядзе кнігі памяці, фотаальбома, скрыначкі для лістоў, букетаў, абярэгаў напярэдадні 9 Мая будуць уручаны героям Вялікай Перамогі ў знак падзякі ад маладога пакалення навапалачан.

Дыпломы за перамогу ў розных намінацыях, кветкі і памятныя прызы атрымалі ўсе ўдзельніцы конкурсу, а карону «Міс Адукацыя – 2015» прымерыла Кацярына Кучарэнка. І вучні, і педагогі СШ №12 лічаць такі вынік заканамерным.

- Мы вельмі рады за нашу Кацю. Гэта разумная, творчая, артыстычная дзяўчына, годная такога ганаровага тытула, - адзначыла дырэктар школы Ганна Рабцава.

- Адзін у полі не воін, – у сваю чаргу падкрэслівае «Міс адукацыя». – Вельмі важна, калі на шляху сустракаюцца добрыя людзі, якія цябе цэняць і разумеюць. Я вельмі ўдзячная калегам за добразычлівасць і ўдзел.

Заваяваць карону не было мэтай Кацярыны Кучарэнка. Проста хацелася паспрабаваць свае сілы ў нечым новым. Упершыню давялося рыхтаваць відэаролік для візітнай карткі, удзельнічаць у фотасесіі і дэфіле. Затое ў творчым конкурсе дзяўчына адчувала сябе цалкам камфортна, таму што з дзяцінства займаецца танцамі.

І ў жыцці, і ў прафесіі цудоўная наваполачанка імкнецца да дасканаласці. Ёй падабаецца спасцігаць новыя веды, адкрываць новыя гарызонты, каб потым дзяліцца вопытам з іншымі людзьмі, у тым ліку і са сваімі дапытлівымі вучнямі. Поспех, на думку нашай гераіні, прыходзіць да таго, хто не сядзіць склаўшы рукі, а кожны дзень робіць крокі насустрач пастаўленай мэты. Кацярына ўпэўнена, што трэба пазітыўна глядзець на жыццё, верыць у сваю мару і дабівацца задуманага ўпартай працай.

Ларыса Малашэня, "Віцебскія весці"