У гэтым фестывальным сезоне ў ВГТУ ўпершыню прайшоў «Містар Універсітэт»
Шчодры, адданы, надзейны, адказны, мэтанакіраваны, адважны, сумленны, моцны, добры, шчодры, прадпрымальны – усё гэта пра яго, Мужчыну. Яшчэ жаданыя актыўная жыццёвая пазіцыя, інтэлігентнасць, пачуццё гумару… стоп. Марыць пра ідэал можна да бясконцасці, адшукаць яго – значна складаней. Дык вось, чаму ў тэхналагічнай ВНУ, дзе на некаторых факультэтах дзяўчат раз-два і аблічыўся, спаборніцтвы сярод прыгажунь – традыцыя, а рыцарскія турніры – не праводзяцца? Дыскарымінацыя? Ужо ў мінулым.
«Містар Універсітэт» адзначыўся вялікім поспехам, хоць спачатку, па прызнанні старшыні журы, дырэктара студэнцкага Дома моды Кацярыны Петкевіч, нават арганізатары таго не чакалі. Занадта многае залежала ад энтузіязму ўдзельнікаў, бо такі турнір – заўсёды вынік сумеснай творчасці. На генеральным праглядзе рэжысёр Аляксандр Крывашэеў і харэограф Ілья Шунін адчулі сябе на мяжы правалу: «усё тэрмінова адмяніць, кліент памірае». Рызыкнулі. Не адмянілі. І не пралічыліся: конкурс удаўся нават не на 100, а на ўсе 150 працэнтаў.
… Дэфіле… якія хлопцы выйшлі на подыум пад фанфары! Мора абаяння, драпежная грацыя, плыўная пластыка рухаў, сіла і мужнасць прыгажосці.
-- Мы адчувалі шалёны гонар за зробленую працу – і за нашых хлопцаў, падзялілася ўражаннямі Кацярына Петкевіч.
А што хлопцы тварылі на сцэне! Дзеянне разгортвалася імкліва і дынамічна, як сюжэт прыгодніцкага кінафільма. Асабліва ўразіў эпізод з прызнаннямі ў любові. Калі ў гэтай справе ўсе мужчыны па вызначэнні майстры, то студэнты-тэхнолагі, відаць, -- майстры найвышэйшага пілатажу. Вершы ўласнага сачынення, іскрыстыя гумарам рэпрызы, высокатэхналагічныя відэапасажы – гледачыцам было ад чаго страціць галаву і забыцца пра ўсё на свеце. Дзяўчатам з ВГТУ можна пазайздросціць – з такімі талентамі і прыгажунамі пасчасцілася побач вучыцца! На мой погляд, найвышэйшых ацэнак былі вартыя ўсе, але, на жаль, журы з гэтым не пагадзілася і да апошніх імгненняў конкурсных выступленняў старанна і педантычна падлічвала балы. Зрэшты, вердыкт спрэчак не выклікаў нават у адданых балельшчыц, а значыць, у яго справядлівасці сумнявацца не даводзіцца: «Містар Універсітэт» -- Руслан Семянкоў, «Першы віцэ-Містар» -- Яўгеній Паўлючэнка, «Другі віцэ-Містар» -- Андрэй Сурынаў.
Дарэчы, падобныя конкурсы праводзяцца цяпер ва ўсіх ВНУ. Ці не час выходзіць на абласны ўзровень?