У гэтым годзе спаўняецца 1035 гадоў з часу заснавання Віцебска
20 верасня, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/. Сёлета спаўняецца 1035 гадоў з часу заснавання Віцебска.
На высокіх берагах Заходняй Дзвіны, там, дзе ў яе ўпадаюць Віцьба і Лучоса, на многія кіламетры раскінуўся Віцебск - адзін з найстаражытнейшых гарадоў нашай Радзімы, адзін з найбуйнейшых эканамічных і культурных цэнтраў Беларусі.
Згодна з Віцебскім летапісам, горад быў заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай, а назву атрымаў ад ракі Віцьба. Ён займаў важнае месца на шляху "з варагаў у грэкі". Віцебск належаў кіеўскім князям, а ў 1021 годзе вялікі князь Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму князю Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага князя Усяслава Брачыславіча ў 1101 годзе горад стаў цэнтрам удзельнага Віцебскага княства. З 1318 года ў Віцебску княжыў Яраслаў Васільевіч, дачка якога Марыя была жонкай крэўскага князя Альгерда, сына Гедзіміна.
Пасля смерці князя Яраслава ў 1320 годзе віцебскім князем стаў Альгерд. З 1345 года горадам валодаў князь Андрэй Альгердавіч, а пазней - другая жонка Альгерда цвярская княгіня Ульяна. У 1370-я гады ён уваходзіў ва ўладанне Ягайлы.
З XIV стагоддзя горад быў цэнтрам Віцебскага павета, а ў XVI стагоддзі меў уласную адміністрацыю і суд. У структуры самакіравання захаваліся традыцыйныя і характэрныя для часоў веча пасады: дзясятнік, сотнік, "муж"-стараста. Гараджане выбіралі са свайго асяроддзя войта, якога затым зацвярджаў вялікі князь. У XV-XVI стагоддзях Віцебск быў буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам. У пачатку XVI стагоддзя было заснавана Віцебскае ваяводства.
У 1597 годзе Жыгімонт III Ваза дараваў гораду магдэбургскае права і герб. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Віцебск знаходзіўся ў складзе Расійскай імперыі, пазней стаў цэнтрам Віцебскай правінцыі.
Горад уваходзіў у склад Пскоўскай, Полацкай губерняў, быў цэнтрам Беларускай і Віцебскай губерняў. У 1938 годзе ён стаў цэнтрам Віцебскай вобласці.-0-