Сёлета спаўняецца 175 гадоў з часу заснавання Віцебскай настаўніцкай семінарыі

23 жніўня, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/. Сёлета спаўняецца 175 гадоў з часу заснавання Віцебскай настаўніцкай семінарыі. Створана была семінарыя ў 1834 годзе па ініцыятыве папячыцеля Беларускай навучальнай акругі Рыгора Карташэўскага замест Віленскай настаўніцкай семінарыі, закрытай разам з Віленскім універсітэтам у 1832 годзе. Гэта была першая ў Беларусі спецыяльная навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў для прыходскіх вучэльняў, падрыхтоўчых класаў гімназій і павятовых вучэльняў. Кіраваў гімназіяй дырэктар (кіраўнік) ланкастэрскіх вучэльняў Беларускай навучальнай акругі Аглоблін. У Віцебскай настаўніцкай семінарыі перыяд навучання складаў 3-4 гады. У яе прымаліся дзеці дваран, мяшчан, абер-афіцэраў і праваслаўных свяшчэннікаў. На поўным утрыманні дзяржавы знаходзілася 28 гімназістаў, таксама меліся 23 стыпендыі. Аб'ём навучальнага курса быў набліжаны да праграмы павятовай вучэльні. У гімназіі выкладаліся руская мова, арыфметыка, гісторыя Расіі і Вялікага Княства Літоўскага. Некаторыя навучэнцы займаліся таксама музыкай і спевамі. У вольны час семінарысты абавязаны былі наведваць урокі рускай мовы і геаграфіі ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. За час існавання Віцебская настаўніцкая семінарыя падрыхтавала 68 настаўнікаў. У 1839 годзе яна была закрыта з-за адсутнасці сродкаў.-0-