У гэтым годзе спаўняецца 965 гадоў з пачатку будаўніцтва ў Полацку Сафійскага сабора
4 кастрычніка, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/. Сёлета спаўняецца 965 гадоў з пачатку будаўніцтва ў Полацку першага хрысціянскага храма - Сафійскага сабора.
Будаўніцтва храма было завершана ў 1066 годзе, паводле іншых звестак - у 1050-1060 гадах. Размешчаны Сафійскі сабор на высокім правым беразе Заходняй Дзвіны. З XI стагоддзя да 1579 года ў храме знаходзіліся скарбніца, архіў і бібліятэка. У 1607 і 1620 гадах храм гарэў, а ў 1710 годзе быў амаль цалкам знішчаны ў выніку выбуху.
У 1738-1750 гадах Сафійскі сабор быў перабудаваны ў стылі віленскага барока. Пры гэтым была зменена арыентацыя галоўнага алтара, у выніку чаго ён апынуўся разгорнутым да Заходняй Дзвіны. Цяпер Полацкі Сафійскі сабор уяўляе сабой мураваную 3-нефавую і 1-апсідную 2-вежавую базыліку. З усходняга боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і старажытныя граністыя апсіды, якія разам з сіметрычнай прыбудовай да заходняга фасада ўтвараюць своеасаблівы трансепт з крыламі, завершаны ў цэнтры купалам з ліхтарикамі.
Вежы, фасады і інтэр'ер храма дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі, пілястрамі, авальнымі нішамі і вазамі. У 1980-х гадах у саборы былі праведзены рэстаўрацыйныя работы.
Сафійскі сабор выкарыстоўваецца як канцэртная зала з экспазіцыяй захаваных архітэктурных элементаў XI стагоддзя і розначасовых роспісаў, сярод якіх "Святое прычасце", "Праслаўленне Маці Божай", "Святая Алена", "Святы Макарый", "Тайная вячэра" і арнаментальныя матывы.-0-