У цяперашнюю прызыўную кампанію 1400 юнакоў ад Віцебскай вобласці адправяцца ў беларускія войскі для праходжання тэрміновай службы

В нынешнюю призывную кампанию 1400 юношей от Витебской области отправятся в белорусские войска для прохождения срочной службы

Як адзначыў выканаючы абавязкі начальніка накірунку прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята вобласці падпалкоўнік Сяргей Кунаховец, праблем з фарміраваннем прызыўнага кантынгенту няма.

Днямі з абласнога зборнага пункта 180 прызыўнікоў былі накіраваны для праходжання тэрміновай ваеннай службы ў злучэнні сіл спецыяльных аперацый, ваенную камендатуру і кіналагічны цэнтр Узброеных Сіл, а таксама ў 19-ю гвардзейскую асобную механізаваную брыгаду, якая дыслацыруецца ў пасёлку Заслонава Лепельскага раёна. Усяго ж у гэтую прызыўную кампанію з вобласці на пасады салдат і сяржантаў у войскі адправяцца 1400 чалавек, на службу ў рэзерве – больш за 250.

– Неабходна сказаць, што каля 80% рэзервістаў маюць вышэйшую адукацыю і з'яўляюцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі дзяржорганаў, сфер навукі і культуры, – растлумачыў афіцэр аблваенкамата. – На службу ў рэзерве могуць разлічваць і тыя, у каго складанае сямейнае становішча.

Як вядома, у нас у краіне прыняты закон і аб альтэрнатыўнай службе. Ён уступае ў сілу з ліпеня 2016 года. Па заяве падпалкоўніка Сяргея Кунаховца, ваенныя камісарыяты да гэтага гатовыя.

На мітынгу з нагоды першай адпраўкі ў войскі, з памятнай падзеяй у жыцці моладзь павіншаваў ветэран паветрана-дэсантных войскаў, старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў палкоўнік запасу Сяргей Глушчук. Святар айцец Аляксандр дабраславіў прызыўнікоў на ратныя справы.

Сярод тых, хто прыбыў на зборны пункт Віцебскага абласнога ваенкамата ў мінулы панядзелак, – ураджэнцы Лепельскага раёна Артур Маліноўскі, Герман Хромцаў і Аляксандр Давыдаў. Выконваць канстытуцыйны доўг хлопцам трэба будзе ў 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгадзе сіл спецыяльных аперацый.

– Служыць у праслаўленым злучэнні будзе нялёгка, але мы да гэтага гатовыя, – сказаў Аляксандр. – Будзем чакаць першага скачка з парашутам, падтрымліваць адзін аднаго ў цяжкую хвіліну.

Аляксандр Давыдаў пасля школы скончыў Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй, паспеў папрацаваць. Будучы дэсантнік сказаў, што на грамадзянцы ў яго засталася дзяўчына, якая, ён спадзяецца, яго дачакаецца. А вось Герману Хромцаву да пагонаў, ранніх уздымаў і марш-кідкоў не прывыкаць. Ён год правучыўся на факультэце сувязі ваеннай акадэміі ў Мінску.

– Вучоба не пайшла, бо з дзяцінства мяне прыцягвала неба. Будзе час вызначыцца з выбарам прафесіі, – падзяліўся Герман. Ён не выключае, што пасля службы будзе зноў паступаць у акадэмію, толькі ўжо на авіяцыйны факультэт. На ўласным вопыце хлопец змог пераканацца, што мець надзейных сяброў у арміі вельмі выдатна.

У гэтым салідарны са сваімі таварышамі і Артур Маліноўскі. Ён упэўнены, што армія з яго зробіць сапраўднага мужчыну, а значыць, у жыцці ўсё будзе добра.

Артур Мацеюн. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».