У абласной спартакіядзе «Сельскія гульні – 2017» узялі ўдзел 19 раёнаў Віцебшчыны
Невыпадкова базай для правядзення «Сельскіх гульняў – 2017» сталі пляцоўкі спартыўна-аздараўленчага лагера «Вадналыжнік» у маляўнічым лясным масіве на возеры Суя. Арганізатарамі тут былі створаны неабходныя ўмовы для таго, каб тры дні, праведзеныя на прыродзе, запомніліся ўдзельнікам спаборніцтваў не толькі накалам бескампраміснай барацьбы і жаданнем перамагчы, але і камфортным побытам у паходных умовах і цікавым вольным часам. Таму нароўні са спартыўнымі спаборніцтвамі, каманды прадставілі і творчую праграму: «Візітную картку» і конкурс паходных страў.
Арганізатары спартакіяды – упраўленне спорту і турызму аблвыканкама, Полацкі райвыканкам і Віцебскі абласны вучэбна-метадычны цэнтр фізічнага выхавання насельніцтва – забяспечылі ўдзельнікам спаборніцтваў неабходныя бытавыя ўмовы і цікавы вольны час.
– Спорт – найважнейшы складнік ідэалогіі нашай дзяржавы, – сказаў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін, адкрываючы спартакіяду. – Здаровы лад жыцця з’яўляецца фундаментам сапраўднага і будучага беларусаў. Таму ўлада нацэлена на яго папулярызацыю сярод насельніцтва, незалежна ад узросту, роду дзейнасці і месца жыхарства. Сёння на беразе возера Суя сабраліся тыя людзі, хто сваёй нялёгкай працай забяспечвае харчовую бяспеку краіны. Праз тыдзень у спартыўных спаборніцтвах у Шумілінскім раёне прымуць удзел дзяржаўныя служачыя. Каманду аблвыканкама ўзначаліць губернатар Мікалай Шарснёў, які асабістым прыкладам паказвае, што заняткі спортам дапамагаюць падтрымліваць фізічную форму, неабходную кіраўніку ў сучасных умовах жыцця.
Барацьба на спартыўных пляцоўках «Водналыжніка» сапраўды атрымалася бескампраміснай. У спаборніцтвах па міні-футболе лідарам стала каманда Шаркаўшчынскага раёна, настольным тэнісе – Талачынскага, лёгкай атлетыцы – Глыбоцкага, стрытболе – Віцебскага, гіравым спорце – Сенненскага. У валейболе ў мужчын перамогу атрымалі спартсмены Глыбоцкага раёна, у жанчын – Мёрскага. У конкурсе «Візітная картка» першынствавала каманда Расонскага раёна, у конкурсе паходных страў – Браслаўскага.
Першае агульнакаманднае месца заваявалі спартсмены Верхнядзвінскага раёна, другое – Віцебскага, трэцяе – Глыбоцкага.
Нягледзячы на страсці і эмоцыі, якія праяўляюцца ў запале барацьбы ўдзельнікамі спаборніцтваў, на спартыўных пляцоўках панавала атмасфера дружбы і падтрымкі, пацвярджаючы вядомы алімпійскі дэвіз. Удзел дае галоўнае – здароўе, добры настрой і цікавы адпачынак.
Аляксандр Гвоздзеў. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. "Віцебскія весці".