У абласным прафсаюзе ўзнагародзілі прадстаўнікоў аб'яднання, якія ўнеслі ўклад ва ўвекавечанне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне
Яго ўдзельнікі – прафактыў і сацыяльныя партнёры ВАОП – паглядзелі відэафільм, прысвечаны рэканструкцыі мемарыялаў «Курган Славы» ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці і «Прарыў» ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Аб удзеле ФПБ у патрыятычным выхаванні грамадзян, абнаўленні знакавых сімвалаў Вялікай Перамогі, укладзе прафсаюзаў Віцебшчыны ва ўвекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны расказаў старшыня ВАОП, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Іван Вазьміцель.
У год 70-годдзя Перамогі над фашызмам па ініцыятыве і за сродкі прафсаюзаў Віцебшчыны быў рэканструяваны воінскі мемарыял у гістарычнай частцы нашага абласнога цэнтра – на Успенскай горцы. Там праведзена добраўпарадкаванне, абноўлены надмагіллі з імяннымі плітамі, адноўлены элементы гранітных канструкцый агароджы, рэканструяваны металаканструкцыі і пастаменты, з трывалага палімербетону выкананы новыя копіі дзвюх скульптур. На гэтыя мэты было накіравана звыш 743,7 млн руб. (да дэнамінацыі) з абласнога прафсаюзнага бюджэту.
Тады ж 10 млн руб. прафсаюзы Віцебшчыны выдзелілі для прывядзення ў парадак мемарыяльнага комплексу ім. Ленінскага камсамола ў аграгарадку Копці Віцебскага раёна па ініцыятыве Віцебскай раённай арганізацыі ветэранаў на чале з Раісай Ходас. А ў сувязі з 71-й гадавінай Перамогі прафсаюзы вобласці прадаставілі 50 млн руб. для завяршэння добраўпарадкавання гэтага комплексу.
У 2016-м выканана значная работа па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Прарыў» ва Ушацкім раёне. З прафбюджэту на гэта было накіравана 336 млн руб., што дазволіла завяршыць у тэрмін рэканструкцыю 38 мемарыяльных пліт з імёнамі 1675 загінулых партызан і кампазіцыі «Апошні прывал».
Прафсаюзы шануюць памяць аб загінулых героях і не забываюць жывых удзельнікаў баявых падзей. У 2015-м 1887 ветэранаў Вялікай
Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і вязні фашызму атрымалі матэрыяльную дапамогу на суму звыш 1 млрд руб. Летась гэтай катэгорыі грамадзян аказана дапамога больш чым на 1,5 млрд руб.
У ходзе ўрачыстага мерапрыемства ў ВАПП былі адзначаны прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў, якія ўнеслі важкі ўклад у рэканструкцыю мемарыяльных месцаў, воінскіх пахаванняў, зберажэнне агульнанароднай гістарычнай памяці. Сярод узнагароджаных ганаровымі граматамі прэзідыума савета ВАПП – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Віктар Церашчанка, які 30 гадоў займаецца ўвекавечаннем памяці воінаў, загінуўшых за вызваленне вёскі Копці Віцебскага раёна, і ўнёс асабісты ўклад у рэканструкцыю прысвечанага ім мемарыяла ім. Ленінскага камсамола, старшыні – Ушацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў Мікалай Бухалка, абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Ларыса Валчкова, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Святлана Валочнік, Першамайскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Віцебска Сяргей Нікіцін.
Мерапрыемства ўпрыгожыў канцэрт мастацкай самадзейнасці пярвічнай прафорганізацыі «Віцебскаблгаза».
Галіна Шпакоўская. Фота Дзмітрыя ВОСІПАВА. «Віцебскія весці».