У аблвыканкаме ўшанавалі ветэранаў працы з нагоды 80-годдзя вобласці
Ганаровымі дыпломамі, граматамі і памятнымі медалямі ўзнагародзілі ветэранаў працы, былых кіраўнікоў вобласці, мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама тых, хто сёння працягвае іх слаўныя традыцыі і працуе на дабро і росквіт роднай зямлі.


– У вобласці за мінулы год дасягнуты станоўчыя вынікі: валавы рэгіянальны прадукт – 101,3%, ёсць рост у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, – падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь і ўпаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Віцебскай вобласці Уладзімір Андрэйчанка. – Сярод негатыўных з’яў – нізкая эфектыўнасць вытворчасці, нізкая заработная плата, значная колькасць стратных прадпрыемстваў. Шмат зроблена ў сферы сельскай гаспадаркі – створаны сучасныя і перспектыўныя малочнатаварныя фермы, інтэграцыйныя структуры. Але трэба яшчэ нямала зрабіць, і на Віцебшчыне гэта выдатна разумеюць. Ёсць планы і добры вопыт пакаленняў, назапашаны за восем дзесяцігоддзяў. Нам важна ўсё гэта захаваць і прымножыць.
Уладзімір Паўлавіч павіншаваў з 80-годдзем Віцебскую вобласць і ўсіх тых, хто працаваў над яе станаўленнем.
Асаблівыя словы падзякі тым, хто стаяў ля вытокаў утварэння Віцебшчыны, адрасаваў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.
– Мы не выпадкова сабралі ў адным зале тых, хто ствараў гісторыю нашай зямлі на працягу 80 гадоў, і пакаленне, якое сёння працуе на дабро Віцебшчыны. Гэта яднанне вопыту, мудрасці і моладзі, сучаснасці. Мы дзякуем ветэранаў за працу, яны – гэта жывая легенда, гісторыя, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў і кіраўнік абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірцеранцьеў уручылі ветэранам ганаровыя дыпломы і памятныя медалі. Сярод узнагароджаных – кавалер ордэна Працоўнай Славы трох ступеняў, былы трактарыст-машыніст калгаса 1 Мая Шаркаўшчынскага раёна Дзмітрый Дабравольскі.
Ветэран удзячны, што сёння не забываюць старых працаўнікоў, і прызнаўся, што сумуе па былых часах.
– Калі чую рокат трактара, думаю, што мог бы яшчэ працаваць, калі б не падводзіла здароўе. Праца была не з лёгкіх, гусенічныя трактары самыя цяжкія ў рамонце. Але любыя цяжкасці можна пераадолець, калі любіш сваю працу, – падсумаваў Дзмітрый Канстанцінавіч.
НАТАЛЛЯ КАМЛЁВА, фота Антона СЦЯПАШЧАНКА, "Віцебскія весці".