У аблвыканкаме прадставілі новага памочніка Прэзідэнта Беларусі — інспектара па Віцебскай вобласці
Адным з найважнейшых прыярытэтаў сёння з’яўляецца забеспячэнне годнага ўзнагароджання людзей за працу, а для гэтага неабходна дабівацца поспехаў у вытворчай дзейнасці. Так лічыць новы памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, прадстаўленне якога кіраўніцкаму актыву Віцебшчыны прайшло 1 жніўня на пасяджэнні аблвыканкама.
Перад тым, як уручыць службовае пасведчанне новаму інспектару, намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Міцкевіч адзначыў яго патрабавальнасць як кіраўніка, паважлівае стаўленне да калег і падначаленых, здольнасць ствараць спрыяльную працоўную абстаноўку.
— Анатоль Канстанцінавіч з’яўляецца кваліфікаваным спецыялістам і дасведчаным аграрыем, узначальваў шэраг буйных сельгаспрадпрыемстваў, таму кіраўніцкаму актыву Віцебшчыны будзе камфортна працаваць з ім па выкананні задач, якія ставіць перад вобласцю Прэзідэнт, — адзначыў Валерый Міцкевіч.
Перш за ўсё, гаворка ідзе пра развіццё аграпрамысловага комплексу, аптымізацыю яго кіраўніцкай структуры і магчымага стварэння ў рэгіёне адзінай сістэмы кіравання АПК, а таксама фінансавае аздараўленне сельгасарганізацый. Акрамя таго, найважнейшымі прыярытэтамі ў працы рэгіёну застаюцца выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па развіцці Аршанскага раёна, пытанні своечасовага разліку з работнікамі па зарплаце. Нязменнай застаецца задача для Анатоля Ліневіча як памочніка Прэзідэнта — аналіз і ацэнка патэнцыялу кіраўнічых кадраў Віцебшчыны і ўнясенне прапаноў па ўдасканаленні гэтай працы ў рэгіёне.
Акрамя таго, Валерый Міцкевіч нагадаў аб маючых адбыццах электаральных кампаніях, першай з якіх стануць парламенцкія выбары, а затым пройдуць выбары Прэзідэнта ў 2020 годзе.
— Гэтыя важныя для краіны палітычныя мерапрыемствы неабходна правесці годна і на высокім арганізацыйным узроўні, — падкрэсліў Валерый Міцкевіч, дадаўшы, што ў цэлым усе задачы, якія стаяць перад актывам Віцебшчыны, носяць канкрэтны характар, з’яўляюцца дастаткова складанымі, але выканальнымі.
Выступаючы з адказным словам, Анатоль Ліневіч адзначыў, што асноўным індыкатарам узроўню жыцця насельніцтва з'яўляецца заработная плата, трэба па вартасці ацэньваць працу людзей, а таксама звяртаць увагу на патрэбы грамадзян, ствараць для іх якасныя ўмовы жыцця, перш за ўсё, у рэгіёнах.
— А для гэтага неабходна дабівацца поспехаў у вытворчасці, што, спадзяюся, разам у нас атрымаецца, — сказаў Анатоль Ліневіч.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў таксама выказаў упэўненасць у тым, што новы памочнік Прэзідэнта акажа істотную дапамогу ў вырашэнні актуальных праблем рэгіёна, дзякуючы чаму Віцебшчына будзе станавіцца яшчэ больш прывабным для жыцця краем.