У аблвыканкаме прадставілі новага памочніка Прэзідэнта — галоўнага інспектара па Віцебскай вобласці Мікалая Шарстнёва
У аблвыканкаме прадставілі новага памочніка Прэзідэнта — галоўнага інспектара па Віцебскай вобласці Мікалая Шарстнёва
У аблвыканкаме адбылося прадстаўленне новага памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўнага інспектара па Віцебскай вобласці Мікалая Шарстнёва.
Мікалай Мікалаевіч родам з Аршанскага раёна. Пасля заканчэння Віцебскага ветінстытута пачынаў сваю працоўную дзейнасць заатэхнікам у калгасе імя Куйбышава, у тым жа гаспадарцы, дзе працаваў яго бацька – вядомы механізатар, Герой Сацыялістычнай Працы, уладальнік 4 залатых медалёў Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі Мікалай Шарстнёў. Менавіта ён, як распавёў на сустрэчы з кіраўнічымі работнікамі аблвыканкама зноў прызначаны прадстаўнік Прэзідэнта Беларусі ў Віцебскай вобласці, дапамог зрабіць правільны выбар у жыцці, навучыў галоўнаму – быць сумленным і працавітым.
У свой час Мікалай Шарстнёў-малодшы ўзначальваў калгас «Сцяг Перамогі» Аршанскага раёна, быў першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мінскага райвыканкама, узначальваў рэспубліканскае аб'яднанне «Белптуппрам». Апошнім часам працаваў гендырэктарам ААТ «1-я Мінская птушкафабрыка».
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Анатоль Ліс, прадстаўляючы Мікалая Шарстнёва, выказаў упэўненасць, што ён справіцца з ускладзенымі абавязкамі і будзе працаваць у тандэме з мясцовай уладай над задачамі, якія стаяць перад вобласцю.
А зрабіць трэба нямала. Старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец акрэсліў кола пытанняў, якія неабходна вырашыць, і перш за ўсё ў сферы сельскай гаспадаркі. Па плошчы Віцебшчына адна з самых вялікіх, на нашай тэрыторыі размешчана больш за 6,3 тыс. населеных пунктаў, нямала хутароў. Гэта стварае сваю спецыфіку ў развіцці рэгіёна. Па большасці прагнозных паказчыкаў вобласць знаходзіцца ў тройцы лідараў. Трэба не толькі ўтрымаць такое становішча, але і па магчымасці палепшыць. Цяпер, падкрэсліў Аляксандр Косінец, трэба годна скончыць пяцігодку, выканаць намечаныя інвестыцыйныя праграмы ў эканамічнай і сацыяльнай сферах.
– Я адчуваю асаблівыя пачуцці ў сувязі з тым, што вярнуўся працаваць на малую радзіму. У назве маёй пасады ёсць два ключавыя словы: памочнік і інспектар. Галоўнае для мяне першае. Будзем працаваць зладжана, дапамагаць адзін аднаму, каб была карысць нашаму рэгіёну, народу, краіне, – адзначыў Мікалай Шарснёў у сваім звароце да прадстаўнікоў абласной улады.
Надзея Фундарэнка, "Віцебскія весці"