У алімпійскай вёсцы ў Лондане ўрачыста ўзняты дзяржаўны сцяг Беларусі
23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Увечары 22 ліпеня ў алімпійскай вёсцы Лондана быў урачыста ўзняты дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Як інфармуе афіцыйны сайт Міністэрства спорту і турызму, у цырымоніі прынялі ўдзел шэф беларускай місіі Сяргей Нерэд, генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Георгій Катулін, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Аляксандр Міхневіч.
На спецыяльна адведзенай для гэтага пляцоўцы арганізатары з дапамогай акцёраў моладзевага тэатра разыгралі яркае касцюміраванае прадстаўленне з песнямі і танцамі. Асноўны лейтматыў - лонданская Алімпіяда дае шанец стаць чэмпіёнам кожнаму. Падтрымаць беларускую спартыўную дэлегацыю прыйшлі амаль усе супрацоўнікі пасольства з сем'ямі. Для іх затым была праведзена невялікая экскурсія па алімпійскай вёсцы.
Пакуль у Лондане знаходзіцца не ўся беларуская зборная, спартсмены групамі працягваюць прыбываць штодня. Напярэдадні, да прыкладу, прыляцелі тэнісісты - Вікторыя Азаранка, Максім Мірны і Аляксандр Буры.
Урачыстае адкрыццё Алімпіяды-2012 адбудзецца 27 ліпеня.-0-