У Аршанскім раёне адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар салдат, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны
– Пошук імёнаў невядомых салдат мы вялі больш за паўгода, вывучылі звыш 500 данясенняў аб бяззваротных стратах. Усім байцам, чые імёны нам удалося ўстанавіць, было не больш за 20–25 гадоў. Ім у ліку першых давялося ісці на прарыў, – расказаў начальнік службы рэжымаў газазабеспячэння і ўліку расходу газу РУП "Віцебскаблгаз", кіраўнік патрыятычнага атрада малодшага маладзёжнага савета прадпрыемства Васіль Шаткоў. – Дзякуй нашай моладзі, разам з якой дапамагае ў пошуку. Нам упершыню ўдалося знайсці сваякоў аднаго з загінулых.
Гэта сям'я роднай пляменніцы загінулага воіна Цырэмпіла Гармаева.
Галіна Намдакова, якая прыляцела з горада Улан-Удэ з мужам і сынам, са слязамі на вачах дзякавала пошукавікаў, кіраўніцтва вобласці і ўвесь беларускі народ за захаванне памяці аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку яе дзядзьку.
– Гэта настолькі нечакана – не перадаць словамі, – сказала госця з Бураціі. – 80 гадоў мы пра яго нічога не ведалі. Яго ўсё жыццё чакала мая бабуля. Апошні ліст ад Цырэмпіла, дзе ён пісаў, што хутка ён вернецца дадому, прыйшоў у 1943 годзе. І вось, праз 8 дзесяцігоддзяў, нас запрасілі сюды.
Жанчына прывезла да брацкай магілы зямлю з берагоў Байкала.
– Вялікую цану давялося заплаціць беларускаму народу за свабоду і незалежнасць, за права жыць і гадаваць дзяцей на сваёй зямлі, – звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў. – Святы абавязак цяперашніх жывых – памятаць і шанаваць загінуўшых, перадаваць гэту памяць дзецям і ўнукам. У ходзе пошукавых работ штогод вяртаюцца з небыцця і ўшаноўваюцца імёны герояў, якія загінулі ў баях за Радзіму.
Большасць байцоў, чые імёны ўшанавалі сёння на мемарыяльнай пліце, – гэта стралкі і кулямётчыкі 27-га і 33-га палкоў, якія былі пахаваны ў іншай брацкай магіле недалёка ад вёскі Леваднічы, якая цяпер не існуе. Гэты населены пункт знаходзіўся за 2,5 км ад Клюкаўкі.
Як адзначыў намеснік міністра энергетыкі Дзяніс Мароз, у гады Вялікай Айчыннай вайны салдаты дывізіі прымалі ўдзел у Курскай і Маскоўскай бітвах, беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён». Многія з іх загінулі ў жорсткіх баях пры вызваленні Аршанскага раёна ў 1944 годзе.
– Гэтыя людзі прайшлі праз жахі вайны, змагаліся з абсалютным злом – нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Наш абавязак – захаваць памяць пра ўсіх герояў, перадаць яе нашчадкам. У Беларусі шмат робіцца для гэтага. Ва ўсіх рэгіёнах рэгулярна праводзяцца памятныя мерапрыемствы, у тым ліку ў арганізацыях Міністэрства энергетыкі, – падкрэсліў намеснік міністра.