У Аршанскім раёне адбылося ўрачыстае адкрыццё абласнога злёту працуючай моладзі
Абласны турысцкі злёт працуючай моладзі пачаўся з масавай зарадкі, якая задала бадзёры тон усёй падзеі ў Аршанскім раёне.
На адкрыцці турзлёту намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў пажадаў удзельнікам спартыўнага форуму перамог, і самае важнае ў падобных мерапрыемствах — умацаваць сяброўства.
— На турзлёце кожны ўдзельнік знойдзе сабе новых сяброў. І куды б потым не паехаў, у кожным раёне нашай вобласці будзеце як дома.
Разам з начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марынай Новіцкай, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Міхном Вячаслаў Дурноў наведаў намётавы лагер, азнаёміўся з умовамі пражывання ўдзельнікаў. Яны агледзелі месцы размяшчэння, інфраструктуру і пагутарылі з турыстамі, адзначыўшы добрую арганізацыю побыту і падрыхтоўку мерапрыемства.
— Спартыўныя мерапрыемствы — спортландыі, турзлёты сярод працуючай моладзі запатрабаваны. Моладзь, удзельнічаючы ў іх, паказвае сваю сілу, спрыт. Учора ўвечары і ноччу быў дождж, і ўдзельнікам злёту давялося знаходзіцца ў няпростых умовах. Гэта загартавала іх дух і цягавітасць, — адзначыла Марына Новіцкая. — З кожным годам павялічваецца колькасць удзельнікаў абласнога турзлёту, што паказвае яго папулярнасць. У кожнага раёна добра арганізаваны і стылістычна аформлены лагеры, выконваюцца распарадак дня і тэхніка бяспекі. Гэта хлопцы прадэманстравалі на абароне бытавых умоў лагера.
Турзлёт працягнецца некалькі дзён, на працягу якіх каманды будуць спаборнічаць у арыентаванні, пераадоленні паласы перашкод і іншых дысцыплінах.