У Оршы гарады-пабрацімы з Расіі і Кітая прымаюць удзел у 12-м Міжнародным эканамічным форуме
Галоўныя тэмы форуму – эканамічная інтэграцыя, новыя магчымасці інвестыцыйнай актыўнасці, лічбавізацыя.
– Гэта ўкараненне лічбавых тэхналогій не толькі ў эканоміцы, але і сацыяльнай сферы – медыцыне, адукацыі, турызме – і іншых напрамках, – абазначыў дырэктар Аршанскага філіяла Віцебскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) Ігар Косоўскі. – Так, група педагогаў і навучэнцаў аршанскай гімназіі № 2 днямі вярнулася з кітайскага горада-пабраціма Цындаа. Там яны наведалі эксперыментальную школу, абмяняліся вопытам, убачылі, як наладжаны навучальны і выхаваўчы працэсы. Падчас форуму аршанская дэлегацыя выйдзе на сувязь і падзеліцца ўражаннямі.
Першы дзень эканамічнага форуму прысвяцілі інвестыцыям, інавацыям і міжнароднаму супрацоўніцтву.
– Актуальнасць форуму прадыктавана часам. На працягу трох дзён працуем па сур'ёзнай дзелавой праграме, – расказала генеральны дырэктар Віцебскага аддзялення БелГПП Наталля Вараб'ёва. – Удзельнікі і госці абмяркоўваюць магчымасці супрацоўніцтва ў розных сферах эканомікі, рэалізацыі супольных праектаў, у тым ліку ў сферах адукацыі, аховы здароўя. Фокус трымаем на інавацыйных тэхналогіях і якасці прадукцыі. Безумоўна, актыўна ўключаем моладзь у тэму бізнесу з арыентацыяй на лічбавізацыю.
Так, для моладзі ў рамках форуму прадугледжаны інтэрактыўныя мерапрыемствы – трэнінг «Генерацыя бізнес-ідэі» і бізнес-гульні.
Самы актыўны ўдзел з году ў год у міжнародным форуме і рэспубліканскай выставе-кірмашы прымае Смаленская вобласць.
– Гэтыя мерапрыемствы карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод расійскага бізнесу, – адзначыў прэзідэнт саюза «Гандлёва-прамысловая палата Смаленскай вобласці» Уладзімір Архіпенкаў. – Дарэчы, у нашым рэгіёне паспяхова працуюць больш за 50 беларускіх прадпрыемстваў, пастаянна расце тавараабарот паміж брацкімі краінамі.
На пленарным пасяджэнні «Гарады-партнёры. Міжнароднае супрацоўніцтва» свой патэнцыял прэзентавалі Аршанскі раён, АЭЗ «Брэміна-Орша», Смаленск. У анлайн-фармаце – гарады-пабрацімы Оршы – Цвер і Цындаа.
ДАРЭЧЫ: У анлайн-фармаце адбылася цырымонія падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж бізнес-кансалтынгавай структурай Huahe International (КНР) і УП «Віцебскае аддзяленне БелГПП». Таксама пагадненне аб супрацоўніцтве заключылі сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 34 Цверы і аршанская СШ № 16.