У Воршы адкрылі «Медыястудыю» для навучання школьнікаў асновам тэлежурналістыкі

У новай «Медыястудыі» будуць навучаць школьнікаў асновам тэлежурналістыкі. У першую чаргу навучанне ў лабараторыі накіравана на засваенне кампетэнцый па стварэнні і рэдагаванні лічбавага кантэнту, навыкаў па працы з аўтарскімі правамі ў сетцы.
– Орша з'яўляецца важным цэнтрам IT-адукацыі Парка высокіх тэхналогій. У ПВТ акрамя асноўнай дзейнасці, важная функцыя – падтрымка адукацыі. Бо гэта той фундамент, без якога немагчымыя былі б ні кампаніі, ні поспехі і вынікі ў лічбавай сферы, – адзначыў дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі. – Мы падтрымліваем многія адукацыйныя праекты ў ВНУ, школах. Медыя заўсёды адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці грамадства, а цяпер з развіццём інтэрнэту яны адыгрываюць яшчэ большую ролю. І яна з цягам часу будзе толькі ўзмацняцца. А калі вучоба прыносіць задавальненне, калі чалавеку падабаецца, чым ён займаецца, атрымліваюцца самыя лепшыя вынікі. Тое, што нашы рэзідэнты могуць дапамагчы ў гэтым, гэта добра для краіны ў цэлым. Калі ёсць добрая адукацыя, ёсць добра падрыхтаваныя спецыялісты, тады ёсць бізнес, ёсць экспарт і вынікі.
Дырэктар ПВТ выказаў пажаданне школьнікам – каб любая вучоба была ў радасць.
У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця «Медыястудыі» прыняў удзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
– Навучанне дзяцей асновам тэлежурналістыкі дапаможа развіць лічбавае тэлебачанне і вывесці яго на новы ўзровень, – падкрэсліў кіраўнік вобласці. – Тыя хлопцы, якія будуць тут тварыць, змогуць фарміраваць сябе і сваю будучую прафесію.
Навучэнка гімназіі №1 Ганна Красоўская распавяла, што медыяцэнтр ужо працуе ў складзе гімназічнага самакіравання.
– На сваіх платформах мы размяшчаем аб'ектыўную аператыўную інфармацыю, выпускаем друкаваную газету, выкладваем навіны на старонках сацыяльных сетак. І нават ёсць сваё гімназічнае тэлебачанне «Наш ТВ», – канстатавала гімназістка.
Аб тым, што Орша з'яўляецца кропкай адліку ПВТ на Віцебшчыне, сказаў начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі. – Менавіта тут прайшлі першую апрабацыю і ў далейшым былі паспяхова маштабаваныя два адукацыйныя праекты Парка высокіх тэхналогій: «Праграмаванне ў асяроддзі Scratch» і «Інфарматыка без разеткі».
– А ў 2021 годзе на базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі і ІТ-акадэміі «КомпАС» пачалі сваю працу Цэнтр падтрымкі моладзевага прадпрымальніцтва і майстэрня «FabLab». Цэнтр створаны ў партнёрстве з Паркам высокіх тэхналогій у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» (адказны орган дзяржкіравання – Мінэканомікі), які фінансуецца ЕС і рэалізуецца ПРААН. Цэнтр уяўляе сабой інавацыйную мадэль адукацыйнага асяроддзя, цалкам арыентаваную на развіццё практычных навыкаў і прадпрымальніцкага мыслення ў навучэнцаў.

Дзіцячая ІТ-акадэмія «КомпАС» была адкрыта пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій 22 красавіка 2016 года на базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі і стала чацвёртай у спісе адкрытых пры садзейнічанні ПВТ рэгіянальных ІТ-акадэмій.
Першапачаткова навучанне ў ІТ-акадэміі праводзілася ў спецыяльна абсталяваным вучэбным памяшканні па трох напрамках: асновы праграмавання на мове Scratch, увядзенне ў робататэхніку і асновы камп'ютарнай графікі.
У цяперашні час тут дзейнічае 3 лабараторыі: «Камп'ютарныя сеткі і тэлекамунікацыі», «Робататэхніка і нейрапілатаванне», «3D мадэляванне і камп'ютарная графіка». Усе яны аснашчаны сучаснай тэхнікай і абсталяваннем, дзе школьнікі вывучаюць праграмаванне, сістэмнае адміністраванне, камп'ютарную графіку, займаюцца 3D-мадэляваннем і робататэхнікай.
Таксама на базе ІТ-акадэміі навучэнцам прадастаўляецца магчымасць самастойнага вырабу неабходных ім вырабаў і дэталей для праектаў з дапамогай наяўнай апаратуры ў невялікай майстэрні «FabLab». У 2021-2022 навучальным годзе ў ІТ-акадэміі «КомпАС» арганізавана праца 39 аб'яднанняў па напрамках, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі, для больш чым 600 навучэнцаў ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 10 педагогаў.