У Воршы адкрылі трэцюю ў Віцебскай вобласці пляцоўку для стрыт-воркаўта
– Беларусь па праву лічыцца спартыўнай краінай. Здароўе людзей, развіццё фізічнай культуры – прыярытэтныя напрамкі сацыяльнай палітыкі, – адзначыў на ўрачыстым адкрыцці пляцоўкі намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў. – А Год малой радзімы ўдвая натхняе на добрыя справы і здзяйсненні. Адкрыццё аб'екта будзе дадатковым штуршком для аршанскай моладзі да заняткаў фізічнай культурай, некаторым дасць старт у вялікі спорт.
Дабрачынны сацыяльны праект «Стрит воркаут» па добраўпарадкаванні ў Беларусі сучасных спартыўных пляцовак для дзяцей і моладзі рэалізуецца ў рамках руху за здаровы актыўны лад жыцця з 2014 года. Аршанская стала шаснаццатай.
У тым, што дадзены від актыўнага адпачынку даступны кожнаму, запэўніў юных аршанцаў кіраўнік ГА «Федэрацыя «Стрит воркаут» Аляксей Мычко.
– Для пачатку можна займацца на брусах або турніках, якія ёсць практычна ў кожным двары, – распавёў неаднаразовы чэмпіён краіны. – Спатрэбіцца толькі жаданне. А на пляцоўках, як адкрытая сёння, навыкі ўдасканальваюцца і шліфуюцца. У Беларусі гэты аматарскі від спорту пачаў развівацца і падтрымлівацца не так даўно. І хочацца, каб у кожным горадзе былі сучасныя пляцоўкі для яго.
На паказальных выступленнях разам з групай сталічных варкаўтэраў сваё майстэрства прадэманстраваў 17-гадовы аршанец Данііл Колмак, навучэнец Высокаўскага аграрнага каледжа.
– У школе ў мяне не атрымлівалася падцягнуцца ніводнага разу, – кажа хлопец. – Поспехі па фізкультуры былі нулявыя. А потым выпадкова натрапіў у інтэрнэце на відэа, якое мяне матывавала. Гэта быў выклік самому сабе: «Калі хлопцы так могуць, то чаму я не змагу?». Стаў займацца самастойна – кожны дзень ішоў на турнікі. І вось ужо 5 гадоў я ў гэтым спорце, які надаў мне ўпэўненасці ў сабе, пазбавіў ад многіх комплексаў. Галоўнае – сіла волі і жаданне.
"Віцебскія весці".