У Воршы адкрылі Цэнтр падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва і майстэрню «FabLab»
Дзейнасць ЦПМП забяспечыць развіццё сістэмы працы з моладдзю, зацікаўленай у асваенні навыкаў і ведаў у сферы IT-тэхналогій і развіцці ўласнай справы. Таксама тут можна скончыць курсы дадатковай адукацыі па напрамках «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці», «Асновы бізнес-планавання», «Праграмаванне на мове Python і WEB-праграмаванне», «Сістэмнае адміністраванне», «Праграмаванне мікракантролераў Arduino», «3D-мадэляванне», «Камп'ютэрная графіка, асновы анімацыі і відэамантажу», а таксама «Разумны горад» і «Акадэмія стартапаў».
Сяргей Міцяньскі падчас урачыстага адкрыцця ЦПМП і прадпрымальніцкай майстэрні «FabLab» выказаў упэўненасць, што такія ініцыятывы патрэбныя і важныя для моладзі.
– Прадпрымальніцтва – гэта драйвер эканамічнага росту рэгіёнаў і крыніца інавацый, – падкрэсліў намеснік міністра. – Дзяржава паслядоўна стварае ўмовы для актывізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы і зацікаўлена, каб уклад малога і сярэдняга бізнесу ў развіццё эканомікі краіны дынамічна прырастала. Асаблівы вектар працы – маладзёжнае прадпрымальніцтва. Працаваць з моладдзю, уцягваючы яе энергію ў бізнес-асяроддзе, і падтрымліваць такія пачынанні – адна з задач дзяржавы. Бо моладзь – гэта рухаючая сіла. Вельмі шмат адораных і актыўных рабят, якія хочуць унесці свой уклад у развіццё грамадства і дзяржавы. Нельга прапусціць ніводнага з іх, трэба весці, навучыць, накіраваць, падтрымаць іх інавацыйныя ідэі, даць свабоду творчасці. А мы, з боку дзяржавы, павінны быць гатовыя стварыць такія ўмовы, каб гэтая прадпрымальніцкая ініцыятыўнасць прыносіла карысць ім, іх малой радзіме як Орша, і краіне ў цэлым.
Пасля цырымоніі пераразання стужкі прайшла экскурсія па лабараторыях ЦПМП і майстэрні «FabLab», былі прадстаўлены праграмы дадатковай адукацыі ў сферы IT і па вядзенні прадпрымальніцкай дзейнасці, якія рэалізуюцца ЦПМП.
Што тычыцца прадпрымальніцкай майстэрні «FabLab», то тут таксама можа займацца любы ахвотны – ёсць усё неабходнае абсталяванне і інструменты для стварэння ўласнага праекта. У такой лабараторыі можна надрукаваць на 3D-прынтары, выпілаваць, выразаць, сабраць, «ад і да» зрабіць нешта новае. Таксама ў майстэрні ёсць плотар — на ім можна вырабляць складнікі для стэндаў і банэраў.
Нагадаем, што Цэнтр створаны ў рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Стварэнне і развіццё Цэнтра падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва ў г. Оршы» ў партнёрстве з ДУА «Аршанскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі», упраўленнем па адукацыі Аршанскага райвыканкама, а таксама Паркам высокіх тэхналогій і Мультымадальным прамыслова-лагістычным комплексам «Брэміна-Орша». Рэзідэнты ПВТ будуць супрацоўнічаць з ЦПМП у правядзенні адукацыйных курсаў, а МПЛК «Брэміна-Орша» арганізуе на сваёй базе практычныя заняткі для навучэнцаў цэнтра, на якіх маладыя людзі змогуць азнаёміцца з практычнымі аспектамі вядзення бізнесу прадпрыемствамі-рэзідэнтамі МПЛК «Брэміна-Орша». Ініцыятыву рэалізуе Беларускае грамадскае аб'яднанне «Развіццё – XXI стагоддзе» ў рамках праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.