У Воршы падвялі вынікі працы студатрадаў Віцебскай вобласці ў працоўным семестры — 2019

В Орше подвели итоги работы студотрядов Витебской области в трудовом семестре — 2019
Падвядзенне вынікаў трэцяга працоўнага семестра навучэнскай моладзі і ўшанаванне лепшых стала добрай традыцыяй у Віцебскай вобласці. У гэты раз 100 актывістаў студатрадаўскага руху, а таксама прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Прыдзвіння, якія прымалі атрады, сабраліся ў спорткомплексе «Лядовая Арэна» ў Оршы.

— Студатрады сёння — гэта адзін з галоўных і перспектыўных напрамкаў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Беларусі, — адзначыў другі сакратар Віцебскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Уладзімір Бабічаў. — Праз арганізацыю карыснага летняга вольнага часу моладзі вырашаецца мноства задач, накіраваных на працоўнае і патрыятычнае выхаванне, аказанне дапамогі прадпрыемствам у забеспячэнні кадрамі.

У 2019 годзе ў вобласці было сфарміравана 258 студэнцкіх атрадаў. Рабяты працавалі як у Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі, Рэспубліцы Малдова. Віцебшчына — бясспрэчны шматгадовы лідар у краіне па летнім працаўладкаванні моладзі. Невыпадкова камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея Шахоўская назвала яе рэгіёнам, дзе захавалася і жыве душа студатрадаўскага руху краіны. Не стаў выключэннем і гэты год. У Віцебскай вобласці — адразу два пераходзячыя сцягі. Лепшым з лепшых у краіне прызнаны студатрад «Эўрыка» Полацкага дзяржуніверсітэта, а званне «Лепшы наймальнік» атрымаў полацкі філіял «Вясна-энерго» РУП «Віцебскэнерго».

З году ў год студатрады прывіваюць моладзі цікавасць да працы, фарміруюць маральныя каштоўнасці і грамадзянскую пазіцыю, падкрэсліў падчас урачыстасці начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў.

— Дзякуючы працы ў студэнцкім атрадзе вам прадастаўляецца ўнікальная магчымасць атрымаць каштоўны прафесійны вопыт, прымяніць свае веды на практыцы, — звярнуўся ён да ўдзельнікаў сустрэчы. — У атрадах таксама фарміруюцца навыкі ўзаемадзеяння ўнутры працоўнага калектыву з сябрамі і калегамі.

Усяго ў складзе студэнцкіх атрадаў у Віцебскай вобласці сёлета працавалі каля 5 тыс. чалавек.

— На Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы адзначыліся атрады «Эўрыка», «Зодчыя» і «Рытм» Полацкага дзяржуніверсітэта, — канстатаваў Генадзь Ягораў. — Другі год запар нашы студэнцкія сельскагаспадарчыя атрады працавалі ў Рэспубліцы Малдова. Добра зарэкамендавалі сябе і рэгіянальныя штабы, якія курыруюць дзейнасць студатрадаў. Кіраўніцтва вобласці надае вялікую ўвагу занятасці і працаўладкаванню моладзі. Выніковасці і аддачы ў гэтай рабоце будзем дабівацца і надалей.

"Віцебскія весці".