У Оршы пасля рэканструкцыі адкрыецца мост праз Дняпро
Рух транспарту па мосце праз Дняпро па вул. Бабкова ў Воршы адкрыецца 9 Мая. Гэта стане яшчэ адным падарункам жыхарам Аршаншчыны, бо мост працягласцю больш за 200 метраў злучае два вялікія раёны – Задняпроўе і Льнокамбінат.
Завяршаюцца ўсе неабходныя работы па ўзмацненні вертыкальных і гарызантальных канструкцый, устаноўцы асвятлення, заменена дарожнае палатно, у самым разгары добраўпарадкаванне пешаходнай часткі і прылеглай тэрыторыі. Тэставы рух па аб'екце, які рэканструюецца з лістапада 2013 года, пачнецца на днях, што дазволіць разгрузіць транспартныя шляхі Воршы прыкладна на 40%. Цалкам увесці мост у эксплуатацыю мясцовыя ўлады плануюць да святкавання Дня Незалежнасці.
Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці"