У Воршы перавышаны эпідэмічны парог захворвання на ОРВІ і грып

26 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Оршы перавышаны эпідэміялагічны парог захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі (ВРІ) і грып, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Захворванне ў гэтым горадзе за трэці каляндарны тыдзень студзеня ўзрасло на 25% у параўнанні з папярэднім тыднем - з 1503 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва да 1887. Разам з тым казаць пра пачатак сезоннай эпідэміі пакуль рана, адзначылі спецыялісты. Найбольшая колькасць хворых у горадзе прыпадае на дзяцей ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў і падлеткаў 15-17 гадоў. У сувязі з адсутнасцю на занятках з-за хваробы больш за 30% навучэнцаў зачынены гарадская школа №27 і школа ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёна. На перадэпідэмічным узроўні знаходзіцца захворванне ў Полацку, Наваполацку і Віцебску, дзе колькасць зваротаў гараджан у медустановы з вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі і грыпам узрасла адпаведна на 42,1%, 19,4% і 4,4%. Аднак эпідпарог у гэтых кантрольных гарадах пакуль не перавышаны. У цяперашні час у рэгіёне пераважаюць адэнавірусы, РС-вірусы і змешаныя інфекцыі. Ва ўсіх установах аховы здароўя праводзяцца запланаваныя прафілактычныя мерапрыемствы, тлумачальная праца з насельніцтвам.-0-