У Воршы прыступілі да будаўніцтва новага спорткомплекса з лыжаролернай трасай

В Орше приступили к строительству нового спорткомплекса с лыжероллерной трассой

Новы комплекс для гульнявых відаў спорту з лыжаролернай трасай з'явіцца на базе СДЮШАР №2 Оршы.

Гэты праект, па словах старшыні Аршанскага райвыканкама Мікалая Лісоўскага, – выдатны стымул для далейшых дасягненняў і перамог. Ён дазволіць на больш высокім узроўні выхоўваць маладое пакаленне спартсменаў – алімпійскую надзею краіны.

Комплекс уяўляе сабой будынак на два спартыўныя залы. Першы, плошчай 1440 кв.м, прызначаны для гульнявых відаў спорту – валейбола, баскетбола, гандбола, міні-футбола, вялікага тэніса. Як расказала дырэктар СДЮШАР №2 Алена Целуева, тут будуць у першую чаргу праводзіцца вучэбна-трэніровачныя заняткі і спаборніцтвы не толькі раённага, але і рэспубліканскага, міжнароднага узроўняў. Памяшканне абсталююць тэлескапічнымі трыбунамі на 206 пасадачных месцаў. Другі зала – бокса. Прафесійны рынг, трэнажорны комплекс і самы лепшы інвентар атрымаюць у сваё распараджэнне юныя баксёры Аршаншчыны.

Спецыялісты будтрэста №18, які выступіў генеральным падрадчыкам, завяршылі агульныя будаўнічыя работы з укладкай знешніх сетак. На сённяшні дзень ужо гатовыя ўсе камунікацыі, блізіцца да завяршэння мантаж вітражоў, пасля чаго рабочыя возьмуцца за ўнутранае аздабленне і ўстаноўку абсталявання. На 1 лістапада на ўзвядзенні новага аб'екта асвоена 14 млрд 74 млн рублёў.

Лыжаролерная траса на тэрыторыі спорткомплекса працягласцю 2 кіламетры будзе цалкам адпавядаць сусветным стандартам – у бліжэйшы час Орша зможа годна прымаць спаборніцтвы розных маштабаў. Сёння тут ва ўсю кіпіць праца: я супрацоўнікі Аршанскай спецаўтабазы стараюцца выканаць усё якасна і ў тэрмін. На аб'екце занята больш за 10 чалавек і 6 адзінак тэхнікі. Ужо выкарчаваны старыя дрэвы, выбіраецца грунт і вядзецца падсыпка трасы. Пасля трамбоўкі шчэбню і пяску будзе праведзена ўкладка асфальтавага пакрыцця.

Неабходнасць у стварэнні буйнога спорткомплекса ў рэгіёне назрэла даўно: аршанскія валейбалісты гуляюць у вышэйшай лізе дывізіёна Б, выдатныя вынікі паказваюць каманды па міні-футболе, баскетболе. З уводам у строй абсталяваных па самых сучасных патрабаваннях залаў на якасна новы ўзровень выйдзе прафесійны бокс і ў перспектыве – вялікі тэніс. Дарэчы, за два гады існавання ў раёне секцыі бокса трэнер Дзяніс Заяц перадаў у Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву 4 юных спартсмена. Падтрымку дадзены напрамак знаходзіць і ў намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Алега Смірнова – старшыні абласной Федэрацыі бокса. Цяпер жа магчымасцей развівацца і ўдасканальвацца будзе больш чым дастаткова.

Вольга Лебедзева, фота аўтара. «Віцебскія весці».