У Воршы вырабляюць тэхніку для пажарных разлікаў

В Орше производят технику для пожарных расчетов
Кампанія займаецца канструяваннем і вытворчасцю пажарных і спецыяльных аўтамабіляў, абслугоўваннем і рамонтам пажарнай тэхнікі, вытворчасцю дыхальных апаратаў са сціснутым паветрам. На ўласных вытворчых пляцоўках асвоена выпуска спецпажарнай аўтатэхнікі, у тым ліку аўтамабільных пажарных лесвіц і пажарных каленападобных пад'ёмнікаў, сумяшчальных з лесвіцай, з дыяпазонам вышынь ад 24 да 52 метраў.

Генеральны дырэктар Віталь Рабекін азнаёміў кіраўніка раёна з адзінай у Віцебскай вобласці вытворчасцю падобнай прадукцыі. Наведалі зборачны цэх, зварачны і такарны ўчасткі. Спецыялісты прадэманстравалі працэс лазернай чысткі металу і працу лазернай устаноўкі па рэзцы металу. У зборачным цэху – фінальны этап падрыхтоўкі некалькіх АЛ-30 – пажарных аўтамабіляў з 30-метровымі высоўнымі аўталесніцамі. Гэта частка новай тэхнікі, зробленай прадпрыемствам па дзяржпрадмеце абароны для падраздзяленняў МНС Беларусі. Першая партыя гэтых спецаўтамабіляў у прысутнасці Ігара Мароза адправілася да заказчыка.

На пляцоўцы прадпрыемства прадэманстравалі работу і больш буйных машын. У прыватнасці АПК-46 – пажарны каленападобна-тэлескапічны аўтапад'ёмнік, сумяшчальны з лесвіцай. Гэта імпартазамяшчальны прадукт, які будзе пастаўляцца ў Расійскую Федэрацыю. Гордасцю завода з'яўляецца пажарная аўталесніца АЛ-52 на базе шасі МАЗ, прызначаная для правядзення аварыйна-выратавальных работ на вялікай вышыні. Гэта першы доследны ўзор самай высокай аўталесніцы, якая вырабляецца ў Беларусі. Цяпер яна праходзіць выпрабаванні.

Завод сучаснай пажарнай тэхнікі ўпэўнена заняў сваю нішу ў вытворчасці аўталесніц. Спецыялісты кампаніі пастаянна вядуць маніторынг, аналіз і ўкараненне новых тэхналогій вядучых еўрапейскіх фірмаў у галіне забеспячэння проціпажарнай бяспекі. У лінейку пажарнай тэхнікі ТАА «ЗСПТ» таксама ўваходзяць пажарныя аўтацыстэрны малога, сярэдняга і цяжкага класаў на шасі МАЗа з колавай формулай 6х6, 4х4, 4х2.

Спецыяльная тэхніка вытворчасці аршанскай кампаніі знаходзіцца на ўзбраенні ў розных проціпажарных падраздзяленнях ведамстваў і міністэрстваў Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан. Вытворчыя магутнасці дазваляюць штогод выпускаць каля 100 адзінак спецыяльных пажарных аўтамабіляў, вырабленых у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і абсталяваных самым сучасным абсталяваннем.

Сяргей СЛЕПЦОЎ.
Фота аўтара.


"Аршанская газета"