У Воршы прайшоў міжнародны фестываль, прысвечаны 80-годдзю першага залпу «Кацюшы»
У лясным масіве каля вёскі Пішчалава ля памятнага знака адбыўся ўрачысты мітынг, удзельнікі якога ўспаміналі вялікія падзеі і гераічных людзей. Адсюль і стартаваў патрыятычны аўтапрабег да асноўнага месца ўрачыстасці – мемарыяльнага комплексу «За нашу савецкую Радзіму». Узведзены ў 1966 годзе, калі святкавалася 25-годдзе першага залпу з найстрашнейшай, якая наводзіла жах на ворага гарматы, мемарыяльны комплекс уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Аршанцы і госці горада яго таксама заўсёды называлі ласкава «Кацюшай».
Шмат жыхароў раёна прыйшлі сюды цэлымі сем'ямі, каб далучыцца да свята. Гасцей і ўдзельнікаў фестывалю прывітаў старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачэнка:
- Сёння мемарыяльны комплекс – візітная картка горада. Своеасаблівы вучэбны клас пад адкрытым небам. Самыя цікавыя ўрокі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праходзяць менавіта тут. Гэта ўнікальная магчымасць на канкрэтных прыкладах гераічнага мінулага сваёй краіны выхоўваць годных грамадзян і патрыётаў. І прыемна адзначыць, што сёння да нас далучыліся госці з Расійскай Федэрацыі. Разам з брацкім народам здабывалася Вялікая Перамога, якая дасталася дарагой цаной, таму мы павінны берагчы праўду аб тых падзеях. Асаблівыя словы падзякі – Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, начальніку ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл – начальніку ўпраўлення ракетных войскаў і артылерыі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Генадзю Мікалаевічу Казлоўскаму за асабісты ўдзел і аказанне садзейнічання ў падрыхтоўцы фестывалю.
- БМ-13, або «Кацюша» стала адной з першых сістэм залпавага агню ў свеце, - падкрэсліў значэнне знакамітай гарматы начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл – начальнік упраўлення ракетных войскаў і артылерыі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Генадзь Казлоўскі. – Унікальная распрацоўка пацвердзіла эфектыўнасць на палях бітваў Вялікай Айчыннай вайны і атрымала далейшае развіццё ў сучасных комплексах і сістэм залпавага агню, якія па праву лічацца аднымі з наймагутнейшых сродкаў агнявога паражэння. Сёння на выставачнх пляцоўках мы пакажам, так бы мовіць яе « нашчадкаў» - сучасныя ўзоры, якія знаходзяцца на ўзбраенні нашай арміі. На гэтых узорах служаць нашы беларускія хлопцы, у тым ліку і тыя, хто прызываецца з Аршанскага раёна. Яны з гонарам нясуць высокае званне абаронцы айчыны і з'яўляюцца годнымі спадчыннікамі баявой славы сваіх папярэднікаў і ветэранаў. Дзеянні беларускіх ракетчыкаў і артылерыстаў неаднаразова атрымлівалі высокую ацэнку кіраўніцтва Узброеных сіл у ходзе праводзімых вучэнняў.
Вядомы матывацыйны спікер, член нацыянальнай параалімпійскай зборнай, грамадскі дзеяч Аляксей Талай таксама прыняў удзел у свяце і падзяліўся меркаваннем:
- Для мяне як нашчадка пераможцаў вялікі гонар быць сёння тут, пакланіцца вялікаму подзвігу дзядоў і прадзедаў – вызваліцеляў усёй Еўропы. Мы павінны памятаць пра гэта, мы павінны гаварыць пра гэта. І гэта важна, у першую чаргу, нам – жывым. І калі мы забудзем, смерць прыйдзе ціхай хадой за кожным з нас. Гэта можа адбыцца ў хвіліны забыцця, паддаўшыся нейкім угаворам звонку, інфармацыйным тэхналогіям. Мы бачым на прыкладзе брацкага украінскага народа, чым гэта можа скончыцца. Я нядаўна быў у данецкім рэгіёне, пакланіўся магілам дзяцей, якія загінулі ў грамадзянскім канфлікце. І я сёння перадаю словы падзякі ўсяму беларускаму народу, у тым ліку і за тое, што мы выстаялі ў сучасных выкліках. І ў Год яднання мы павінны, згуртаваўшыся, цвёрдай хадой пайсці ў наша, упэўнены, добрае светлае будучае.
Аляксей Талай падзякаваў землякам і гасцям, якія прыехалі падзяліць свята, за матывацыю і грамадзянскі доўг. Старшыня міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі садзейнічання вывучэнню і эксплуатацыі ваеннай тэхнікі «Ваенна-тэхнічнае таварыства» горада Электрасталь Ігар Камолаў таксама прывітаў гасцей свята.
- Вельмі прыемна бачыць прадстаўнікоў маладога пакалення, якія таксама прымаюць удзел у такіх акцыях. З вялікім гонарам перадаю велізарны прывет і найлепшыя пажаданні ад жыхароў нашага горада, урада Расійскай Федэрацыі, адміністрацыі нашага горада Электросталь. Мы прыехалі, пераадолеўшы 650 кіламетраў на тэхніцы часоў СССР. І з вялікім гонарам прымаем удзел у вашым, ці хутчэй нашым, першым міжнародным фестывалі ў гонар 80-годдзя першага баявога прымянення легендарнай «Кацюшы». Ведаем, што ў Беларусі ў гэтыя дні праходзіць і фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Мы стараемся быць у курсе ўсіх падзей, якія ў вас адбываюцца, таму што мы адзін народ, мы – славяне, наша брацкая дружба налічвае стагоддзі. Упэўнены, што так будзем заўсёды. І мы будзем з радасцю прымаць у іх удзел, каб захоўваць і перадаваць нашу агульную гісторыю – гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.