У Воршы прайшоў XXV міжнародны фестываль народнай музыкі і песні “Бараньскія музыкі”

25-ы раз Аршаншчына прымала ўдзельнікаў міжнароднага фестывалю народнай музыкі і песні “Бараньскія музыкі”. Сёлета месцам яго лакацыі стаў гарадскі Палац культуры “Орша”.

– На жаль, з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі не ўсе запрошаныя ўдзельнікі змаглі прыехаць, – сказала дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука. – Атрадна бачыць на гэтай сцэне прадстаўнікоў розных абласцей нашай краіны, тых, хто ў гэты няпросты час знайшоў магчымасць паўдзельнічаць у фестывалі, парадаваць сваім майстэрствам. Выдатна, што творчы форум усебакова падтрымліваюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскі аблвыканкам, Аршанскі райвыканкам.

Вітаючы ўдзельнікаў фестывалю, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі падкрэсліў, што такія мерапрыемствы зараз асабліва патрэбны і важныя. Яны нясуць пазітыў, натхняюць.

– Крайне важна папулярызаваць народную творчасць, развіваць і ўмацоўваць міжнародныя культурныя сувязі, прылучаць людзей да нацыянальных традыцый, – сказаў Пётр Падгурскі.

У сваю чаргу намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў адзначыў, што горад на Дняпры не выпадкова выбраны культурнай сталіцай – 2022.

– Тут дзякуючы Указу №506 вельмі шмат зроблена для ўмацавання матэрыяльнай базы ўстаноў культуры, – растлумачыў Віктар Калачоў. – Рэканструяваны гарадскі Палац культуры “Орша”, зараз ідзе капітальны рамонт Дома культуры ў Барані. Таму ён сёння не змог прыняць удзельнікаў фестывалю, як гэта было заўсёды. Орша стала цэнтрам прыцягнення знакавых творчых мерапрыемстваў.

На працягу двух дзён удзельнікі фестывалю “Бараньскія музыкі” з Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай абласцей дэманстравалі майстэрства. Запальныя песні і танцы, ігра на інструментах – гэта на сцэне. А ў фае Палаца культуры свае ўнікальныя работы прадставілі майстры свістулькі, лапікавага шыцця, ткацтва, саломапляцення і інш. Пераможцы вызначаліся ў трох намінацыях: аматарскія калектывы мастацкай творчасці, індывідуальныя выканаўцы, майстры. Ніхто не застаўся без дыплома і добрага настрою, а лаўрэаты 1 – 3-й ступеняў з'ехалі дадому з каштоўнымі прызамі.

"Віцебскія весці"