У Воршы здадзены ў эксплуатацыю дом для медыкаў
Старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачэнка падкрэсліў:
— Вядома, гэты дом не закрыў увесь попыт, — у галіне аховы здароўя яшчэ засталіся тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Таму будзем працягваць узвядзенне жылля для медыкаў. Андрэеўшчына, дзе пабудаваны гэты пяціпавярховік, — вельмі перспектыўны мікрараён. Тут ужо здадзены ў эксплуатацыю некалькі новых дамоў, неўзабаве закладзем фундаменты яшчэ для трох. У крокавай даступнасці школа, дзіцячы сад, добра развітыя транспартныя зносіны. Разам з пашырэннем межаў новага мікрараёна будзем развіваць і іншую інфраструктуру. На бліжэйшыя гады перад Оршай стаяць вялікія задачы па эканамічным развіцці. Мы зацікаўлены ў тым, каб замацаваць у рэгіёне маладых, ініцыятыўных спецыялістаў, якія прыходзяць працаваць у рэальны сектар эканомікі і сацыяльную сферу. Жыллё ў праграме дасягнення гэтай мэты — адно з самых прыярытэтных напрамкаў.
Галоўны ўрач Аршанскай цэнтральнай паліклінікі Аляксей Кароткі прыводзіць лічбы:
— Калі ў мінулым годзе да нас на працу прыбылі звыш 20 маладых спецыялістаў, то ў гэтым пасля інтэрнатуры чакаем ужо 55 чалавек. Сетка медустаноў развіваецца, мы актыўна асвойваем новыя методыкі дыягностыкі і тэхналогіі лячэння, пашыраем спектр аказання медыцынскіх паслуг. Ужо пастаўлена на паток пратэзаванне буйных суставаў, робім высокатэхналагічныя аперацыі на сасудах, па замене хрусталіка і іншыя. А гэта значыць, нам патрэбны высокакласныя спецыялісты, якія не проста адпрацуюць у Оршы належны тэрмін, а застануцца тут назаўжды. Таму думаем пра будаўніцтва яшчэ аднаго арэнднага дома для медыкаў.
Начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач падкрэслівае: такая тэндэнцыя сёння назіраецца не толькі ў Оршы, але і ў цэлым па вобласці. Толькі за апошні год супрацоўнікі медустаноў атрымалі каля 200 арэндных кватэр, паскоранымі тэмпамі ў рэгіёнах будуюць і рэканструююць сямейныя інтэрнаты, маладым спецыялістам ствараюць усе ўмовы для плённай працы, прафесійнага развіцця і камфортнага побыту.
…Урачыстае ўручэнне ключоў з брэлкамі прама ля пад'ездаў, шчаслівыя твары людзей, дзіцячы смех — пяціпавярховік у Андрэеўшчыне, які яшчэ зусім нядаўна пакінулі будаўнікі, ужо ажыў. Кватэры ўтульныя, тут усё гатова да засялення. Характэрна, што сярод новасёлаў шмат маладых сем'яў, а значыць, і дэмаграфічная сітуацыя ў рэгіёне таксама будзе мяняцца да лепшага.