У Воршы выратавалі мужчыну, які праваліўся пад лёд

На мінулым тыдні супрацоўнікі Аршанскай станцыі АСВОД выратавалі мужчыну, які праваліўся пад лёд.

Каб скараціць шлях, 45-гадовы мясцовы жыхар пераходзіў па лёдзе Дняпро. Недалёка ратавальнікі рыхтавалі купель да свята Хрышчэння. Яны своечасова заўважылі чалавека, які трапіў у бяду, і прыйшлі на дапамогу.

Вядучы спецыяліст абласной арганізацыі АСВОД Вячаслаў Ванёнак адзначае, што з пачатку года на вадаёмах вобласці сітуацыя спрыяльная — загінулых няма. Аднак трывогу выклікаюць буйныя рэкі, дзе лёд падмываецца цячэннем. Трэба памятаць, што ў чалавека, які праваліўся ў такіх месцах, практычна няма шанцаў на выратаванне. Спецыялісты заклікаюць быць разважлівымі і не эканоміць час, падвяргаючы жыццё небяспецы.

Сяргей Ляшук, Віцебскія весці