У Воршы адкрылі ваенна-гістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К.С. Заслонава

В Орше открыли военно-исторический музей имени Героя Советского Союза К.С. Заслонова

Новы двухпавярховы будынак агульнай плошчай крыху больш за 1 тыс. кв.м. размясціўся па старым месцы прапіскі – вул. Малакова, 9, побач з чыгуначным вакзалам.



– Гэты музей у Оршы – месца памяці і гонару за наш народ і яго мінулае, – сказаў падчас цырымоніі адкрыцця старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Суббоцін. – Характэрна, што ён атрымаў другое жыццё ў Год гістарычнай памяці. І гэта не проста памяць аб выдатным чалавеку, які аддаў усяго сябе на карысць нашай светлай будучыні, а цэлы комплекс, цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання. Як ніколі, цяпер актуальныя словы: «Калі мы вайну забудзем, зноў прыйдзе вайна».


Як напамін аб тых трагічных падзеях, будынак новага музея аздоблены фібрацэментнымі панэлямі цёмных тонаў, а сцены выкананы ў аранжава-карычневых колерах. Уваходная група – каланада.


На першым паверсе музея размясціліся фондасховішча, кабінеты персаналу, гардэроб, санвузлы, другі паверх занялі экспазіцыі. На ўваходзе з правага боку наведвальнікаў сустракае вялікі барэльеф Канстанціна Заслонава, злева размясцілася мультымедыйная ўстаноўка, якая знаёміць з экспазіцыямі. Скразная экспазіцыйная плошча праходзіць праз два паверхі.


Уражвае гукавое суправаджэнне ўсіх трох залаў, якое дае адчуванне поўнага пагружэння ў падзеі. Сярод драматычных момантаў – мяжа мірнага жыцця і першых гадзін уварвання ворага, захоп горада, усталяванне акупацыйнага перыяду, Аршанскае гета, пакаранне смерцю аршанскіх падпольшчыкаў як сведчанне генацыду мірнага насельніцтва Беларусі, смяротнае раненне Канстанціна Заслонава.


– Новы музей – гэта даніна памяці не толькі легендарнаму камбрыгу-партызану, экспазіцыя новага музея ахоплівае падзеі ўсяго перыяду Вялікай Айчыннай вайны на Аршаншчыне. «Заслонаўская» сюжэтная лінія арганічна ўплятаецца ў агульную ваенную і, у той жа час, з'яўляецца ў пэўнай ступені самастойным участкам экспазіцыі, – адзначае дырэктар музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Юлія Камарова.
Ідэйнае ўвасабленне экспазіцыі дазваляе прадставіць сілу патрыятызму, імкненні савецкіх людзей здабыць перамогу над захопнікамі, акупантамі.

 

– Маё пакаленне вырасла на такіх прозвішчах, як Машэраў, Гаравец, Даватаp, Заслонаў. Вельмі важна, каб дзеці ўжо ў сённяшняй сучаснай Беларусі, усе тыя, хто пражывае ў нашай мірнай краіне, не проста ўспомнілі гэтыя прозвішчы, а маглі дакрануцца да гістарычнага мінулага, – падкрэсліў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. – Канстанцін Заслонаў – гэта легенда не толькі для Оршы, але і для ўсёй нашай краіны. Вельмі важна, што створаны такі музей, які будзе цікавы і дзецям, і дарослым. Любоў да Радзімы, патрыятызм даюць нам духоўную трываласць. Гэта тая ісціна, з якой ваявалі нашы бацькі, дзяды і прадзеды. Гэта тая ісціна, з якой павінны жыць усе мы.


Асаблівае месца ў раздзеле «Генацыд» займае адзін з унікальных экспанатаў – тэлефонны дрот. Ён быў знойдзены ў адной з трох магіл з расстралянымі мірнымі жыхарамі Оршы і Аршанскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Калі яго знайшлі, ім былі звязаны парэшткі адразу трох чалавек, знявечаных фашыстамі, – расказала Юлія Камарова. – Дрот размясцілі асобна ад астатніх экспанатаў у самым цёмным месцы з прыглушаным асвятленнем на падстаўцы іржава-крывавага колеру…


Характэрна, што плошча музея ў параўнанні са старым будынкам цяпер удвая большая. І замест 300 арыгінальных экспанатаў асноўнага фонду цяпер прадстаўлена больш за паўтысячы.

– Адкрыццё такога музея – гістарычны дзень для Оршы, – канстатаваў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч. – Мы будуем не толькі вытворчыя і спартыўныя аб'екты, але і музеі, манументы для таго, каб паказаць сувязь пакаленняў, захаваць яе для будучых пакаленняў. Можна чытаць, чуць, але лепш бачыць і ацэньваць тыя падзеі, якія адбываліся на нашай шматпакутай зямлі. Музей – адзін з падручнікаў, які можа паказаць гісторыю.



"Віцебскія весці", фота "Аршанская газета"