У Воршы ў гонар юбілею Перамогі заклалі "Алею лётчыкаў"
У Оршы ў гонар юбілею Перамогі заклалі "Алею лётчыкаў" з 70 клёнаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Аршанскім райвыканкаме.
"Алея - гэта даніна павагі нашым продкам і сучаснікам, якія адстаялі Аршаншчыну і абаранілі ўсю краіну ад фашысцкага ярма ў гады Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіліся на баявым пасту ў пасляваенны час, ахоўваючы мірнае неба над Беларуссю", - падкрэслілі ў выканкаме.
Алея ў Оршы закладзена ў месцы, дзе сыходзяцца тры вуліцы, якія носяць імёны лётчыкаў - герояў Савецкага Саюза: Анатоля Салянікава - камандзіра эскадрыллі штурмавікоў, Уладзіміра Завадскага - маёра бамбардзіравальнай і разведвальнай авіяцыі, Аляксея Гараніна - гвардзейскага капітана, камандзіра звяна авіяцыі далёкага дзеяння.
У выканкаме адзначылі, што алея закладзена па ініцыятыве моладзі. Ініцыятыву падтрымаў выканаўчы камітэт і ГА "Беларускі фонд міру", які аказаў фінансавую дапамогу для вырабу памятнай стэлы. Праект стэлы і ўсёй алеі быў распрацаваны мясцовым архітэктарам Сяргеем Янкоўскім. Канчатковы выгляд стэла набыла на ААТ "Станказавод "Чырвоны бальшавік", а падрыхтоўку да адкрыцця алеі і ўстаноўку стэлы забяспечвалі прадпрыемствы "Аршанская спецаўтабаза" і "Стройтрэст №18".
"Алея, на якой устаноўлены макет легендарнага савецкага самалёта У-2, стане новай славутасцю горада і, напэўна, адным з самых папулярных месцаў сярод падрастаючага пакалення", - выказалі ўпэўненасць у выканкаме.
Алена Ціханава