У Воршы ў інтэрнаце пед каледжа адкрылі тры абноўленыя аб'екты
Не выпадкова святочны канцэрт, які папярэднічаў адкрыццю сацыяльна важных аб'ектаў, насіў назву «Здаровы лад жыцця – гэта стыльна». Бо спорт, харчаванне і медыцына стаяць на варце здароўя. Гэта падкрэсліў дырэктар каледжа Анатоль Зулёў.
– Адкрыццё аб'ектаў – немалаважны крок ва ўмацаванне іміджу каледжа, раёна, – сказаў ён. – Гэта было б немагчыма без дапамогі міністэрства адукацыі Беларусі, ВДУ імя П. М. Машэрава і Аршанскага райвыканкама, а таксама без удзелу ў рамонтных працах педагогаў і навучэнцаў нашага каледжа. 40% ад усіх выкананых работ – гэта іх праца.
У сваю чаргу Валянціна Багатырова дадала, што за мінулы год Аршанскі каледж на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы асвоіў 230 тысяч рублёў.
– Пры гэтым за кошт таго, што многае рабілі сваімі сіламі, змаглі зэканоміць нямала сродкаў, – падкрэсліла рэктар. – Гэта сведчыць пра тое, што тут моцная, згуртаваная каманда аднадумцаў.
Звяртаючыся да навучэнцаў, яна дадала: «Ганарыцеся ўсім новым і добрым, што вы бачыце ў сябе ў каледжы, раёне, краіне. Калі я чытаю студэнтам лекцыі па макраэканоміцы і геапалітыцы, заўсёды прашу іх улічваць у складзе сваіх выдаткаў бясплатнае ахоўванне здароўя, навучанне ў школах і г.д. Мы да гэтага настолькі прывыклі, што часам нават не заўважаем і ўспрымаем як належнае. А трэба шанаваць і берагчы».
Павіншаваў каледж са значнай падзеяй намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў. Ён расказаў пра тое, якую пільную ўвагу надаюць спорту і здароўю ў раёне, абазначыў уведзеныя ў строй у мінулым годзе і якія будуюцца цяпер аб'екты.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання тых, хто прымаў найбольш актыўны ўдзел у рамонце аб'ектаў, а таксама дамогся значных поспехаў у спорце, урачыста перарэзалі стужку.
Новая сталовая, пра якую раней навучэнцы маглі толькі марыць, – гэта два са густам аформленыя залы, дзе можна не толькі пачаставацца выпечкай і кавай, але і атрымаць паўнавартаснае гарачае харчаванне.
У капітальна адрамантаванай спартыўна-гімнастычнай зале – новыя сцены, падлога, столь і абсталяванне. У гонар адкрыцця тут адбыліся паказальныя выступленні спартсменаў – навучэнцаў каледжа.
Што тычыцца медпункта, то цяпер якасную медыцынскую дапамогу будуць аказваць у зусім новых умовах. Пасля рамонту тут усталявалі новую мэблю, закупілі неабходнае сучаснае абсталяванне.
Цяпер у інтэрнаце каледжа ВДУ створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця навучэнцаў.