У Воршы выбіраюць найлепшы слоган і лагатып горада
16 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Воршы выбіраюць найлепшы слоган і лагатып горада, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Аршанскага гарвыканкама Аляксей Дзям'янкоў.
Удзел у адкрытым гарадскім конкурсе могуць прыняць усе ахвотныя. Лагатып і слоган, якія ім прапануецца прыдумаць, з часам набудуць афіцыйны статус і будуць выкарыстоўвацца для пазіцыянавання Воршы сярод іншых беларускіх гарадоў, дапамагаць прасоўваць яго ў сферы турызму. З улікам гэтага да конкурсных заданняў прад'яўлены шэраг патрабаванняў. У прыватнасці, лагатып і слоган павінны адлюстроўваць спецыфіку гістарычнага і культурнага развіцця горада ў кантэксце гісторыі і культуры Беларусі, выяўляць характэрныя адрозненні Воршы для вызначэння гістарычнай місіі горада і яго насельніцтва ў гісторыі краіны.
"На першым этапе конкурсу нам паступіла каля 20 работ, выкананых школьнікамі, прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый Воршы і Аршанскага раёна. Да канца лістапада яны будуць дэталёва разгледжаны з падвядзеннем вынікаў. Аднак папярэдняе знаёмства, на жаль, паказала, што моцных удзельнікаў сярод канкурсантаў, слоганы або лагатыпы якіх пакінулі б яркае ўражанне, няма. Мы чакаем новыя работы ад шырокага кола ахвотных прыняць у ім удзел", - падкрэсліў Аляксей Дзям'янкоў. Ён таксама нагадаў, што пад лагатыпам маецца на ўвазе арыгінальнае напісанне поўнай назвы Воршы, пад слоганам - лозунг, дэвіз, які змяшчае сціслую, лёгка ўспрымальную, эфектную фармулёўку місіі і камунікацыйнай ідэі горада. Кожны ўдзельнік можа даслаць на конкурс неабмежаваную колькасць прапаноў.
Ініцыятарам конкурсу выступіў Аршанскі гарвыканкам. Палажэнне аб конкурсе размешчана на афіцыйным сайце горада.-0-