У Воршы выбіралі самага вынаходлівага юнгу
Больш за 10 гадоў на базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі праводзяцца адкрытыя спаборніцтвы па суднамадэльным спорце.
З мэтай папулярызацыі суднамадэльнага спорту ў рэгіёне, прыцягнення маладога пакалення да актыўнага і карыснага адпачынку, больш за 10 гадоў на базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі праводзяцца адкрытыя спаборніцтвы па суднамадэльным спорце «Юнга-2013». Іх арганізатары – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аршанскага райвыканкама, раённы цэнтр тэхнічнай творчасці. Больш за 60 удзельнікаў з гурткоў устаноў дадатковай адукацыі, школ горада змагаліся 14 снежня за перамогу. Для большасці 6-12-гадовых суднамадэлістаў такія старты першыя, як і прысвоенае ганаровае званне юнга.
Навыкі конкурсантаў ацэньваліся па чатырох складніках. Апошні і самы адказны этап спаборніцтваў праходзіў у суднамадэльнай лабараторыі – самай вялікай у рэспубліцы з наяўных у цэнтрах тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. У выніку лепшымі пачаткоўцамі суднамадэлістамі ў сваіх катэгорыях прызнаны Аляксей Усцінаў, Дзяніс Братулін і Ганна Трыбель. Пераможцаў і прызёраў чакалі заслужаныя ўзнагароды і каштоўныя падарункі. У далейшым юнгам трэба будзе адстойваць гонар каманды горада на абласных вясновых спаборніцтвах.
Вольга Лебедзева