У Воршы зарэгістравана першая верталётная кампанія ў Беларусі
Дзяржаўнае прадпрыемства "Белаэранавігацыя" пры падтрымцы дэпартамента па авіяцыі Минтранса працягне рэканструкцыю віцебскага аэрапорта і работу па пашырэнні яго патэнцыялу за кошт сродкаў галоўнай арганізацыі.
Пра гэта, адказваючы на пытанне "Віцебскіх вестак", паведаміў дырэктар дэпартамента Уладзімір Косцін падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА. У Віцебску была праведзена планавая рэканструкцыя ўзлётна-пасадачнай паласы, нагадаў ён. Наступным этапам стане рэканструкцыя і пашырэнне дзеючага аэравакзальнага тэрмінала.
– Усе аэрапорты Беларусі, уключаючы віцебскі, на сённяшні дзень з'яўляюцца міжнароднымі. Каб яны былі прывабнымі і адпавядалі патрабаванням, мы праводзім планавую працу па мадэрнізацыі ўзлётна-пасадачных палос, рулёжных дарожак, тэрміналаў і аэравакзальных комплексаў, уключаючы абсталяванне, перш за ўсё звязанае з кіраваннем паветраным рухам у аэрапорце, – падкрэсліў Уладзімір Косцін.
У планах на 2014 год па віцебскім аэрапорце значыцца ўстаноўка і ўвод у эксплуатацыю новага сучаснага радыёлакатара вытворчасці французскай фірмы Thales.
Што тычыцца далейшага развіцця паветранага паведамлення з выкарыстаннем патэнцыялу рэгіянальных аэрапортаў, то кіраўнік дэпартамента заўважыў, што "Белаэранавігацыя" пастаянна праводзіць работу па прыцягненні замежных авіякампаній. Акрамя таго, сёння на ўзроўні ўрада прапрацоўваюцца пытанні супрацоўніцтва з расійскім ТАА "Новапорт", якое спецыялізуецца на выкананні комплексных праграм развіцця аэрапортаў, у прыватнасці, па стварэнні ў Нацыянальным аэрапорце Мінск міжнароднага транзітнага авіявузла, і варыянты ўключэння беларускіх абласных аэрапортаў у абмяркоўваны праект. Яшчэ адзін расійскі інвестар – прадпрыемства "Аэрапорты рэгіёнаў" – прапануе супрацоўніцтва, у тым ліку па развіцці рэгіянальнай авіяцыі з удзелам абласных аэрапортаў.
Працягваючы авіяцыйную тэму ў кантэксце Віцебшчыны, Уладзімір Косцін адзначыў, што нядаўна зарэгістраванае авіяпрадпрыемства "Арша Эйр", створанае на базе Аршанскага авіярамонтнага завода, стала першай верталётнай кампаніяй у Беларусі. Цяпер рыхтуецца заключэнне па выдачы гэтай авіякампаніі пасведчання на права лётнай эксплуатацыі.
"Арша Эйр" плануе займацца перавозкай пасажыраў і грузаў. У яе авіяпарку ўжо ёсць адзін верталёт "Мі-8" МСБ і чатыры верталёты "Мі-2". Яшчэ адной з задач авіяпрадпрыемства будзе дэманстрацыя магчымасцей верталётаў, якія праходзяць мадэрнізацыю на Аршанскім авіярамонтным заводзе. "Думаю, што кампанія будзе пашырацца па меры з'яўлення сродкаў для закупкі дадатковых верталётаў", – дадаў Уладзімір Косцін.
Сяргей Кочатаў, "Віцебскія весці"