У Оршы гучалі «Песні юнацтва нашых бацькоў»
Фінал абласнога конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні «Песні юнацтва нашых бацькоў» адбыўся 12-14 сакавіка ў Оршы.
Конкурс, мэта якога – выхаванне моладзі на лепшых узорах песеннага жанру мінулых гадоў, прайшоў на Віцебшчыне ўжо 19-ы раз. Сёлета сваё выканальніцкае майстэрства дэманстравалі 23 удзельнікі ва ўзросце ад 16 да 31 года (18 салістаў і пяць вакальных калектываў) з розных куткоў Віцебшчыны – Віцебска, Оршы, Полацка, Наваполацка, Полацкага, Докшыцкага, Глыбоцкага, Аршанскага, Дубровенскага, Лепельскага, Чашніцкага, Шумілінскага і Бешанковіцкага раёнаў.
Гучалі ваенныя, патрыятычныя, рамантычныя песні беларускіх і замежных аўтараў. Удзельнікі, арганізатары, гледачы, журы – на чале з дырэктарам Віцебскай абласной філармоніі Аленай Падаляк – усе адзначылі добрую, сяброўскую атмасферу конкурсу.
Гран-пры конкурсу аднагалосна быў прысуджаны Левону Кехваяну з Наваполацка (ён выканаў песні «Эх, дороги» і «Go down, Moses» з рэпертуару Л. Армстранга).
У намінацыі «Салісты» 1 месца падзялілі Мікалай Расёнак з Віцебска і Дзмітрый Лагун з Полацкага раёна. 2 месца аддадзена Андрэю Чабану (Докшыцкі раён) і Мікалаю Каменкову (Наваполацк), на 3 месцы – Віталь Хаданёнак (Полацк).
У намінацыі «Вакальны калектыў» 1 месца заняў дуэт з Докшыцкага раёна – Андрэй Чабан і Андрэй Варонаў; 2-е – квартэт народнай студыі эстраднай песні «Крэатыў» (Орша); 3-е – дуэт Аляксандра Падвіцельскага і Кацярыны Мацулевіч з Росанскага раёна.
Былі ўручаны і спецыяльныя дыпломы і прызы. Прыз «За артыстычнасць» атрымаў дуэт народнай студыі «Тандэм» з Полацкага раёна – Яна Ясучэня і Аляксей Асушчанка. Прыз «Супер - шлягер» заваяваў Дзмітрый Кліманскі (Лепельскі раён), «Прыз глядацкіх сімпатый» – Яўген Канапелькін (Чашніцкі р-н). Сяргею Дубко з Докшыцкага раёна ўручылі спецыяльны прыз «Адкрыццё конкурсу», дуэт з Глыбоцкага раёна – Жанна Нарыцына і Таццяна Кітова – узнагароджаны «За лепшае выкананне песні ваенных гадоў» за песню «Кацюша». Аршанец Сяргей Гутоў адзначаны «За лепшае выкананне песні беларускіх аўтараў», за «Творчы дэбют» – самая юная ўдзельніца – 16-гадовая Алена Карпіцкая з Лепельскага раёна.
У гала-канцэрце конкурсу ўдзельнікі натхнёна выканалі песню «Замыкаючы круг», чытаючы тэкст прама з мабільных тэлефонаў. Усе маладыя выканаўцы, акрамя дыпломаў і памятных прызоў, павезлі з сабой упэўненасць у сабе і жаданне імкнуцца да новых творчых вяршынь.
Нагадаем, што заснавальнікі конкурсу – упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, аддзел па справах моладзі Аршанскага гарвыканкама, Аршанская дыстанцыя грамадзянскіх збудаванняў УП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі», ТАА «Тэлекам-Гарант».