У адкрытым чэмпіянаце Беларусі па хакеі выступяць толькі два латвійскія клубы
7 ліпеня, Мінск /Сяргей Вішнеўскі - БЕЛТА/. У адкрытым чэмпіянаце Беларусі па хакеі, які стартуе надыходзячай восенню, выступяць толькі 2 латвійскія клубы, а не 4, як меркавалася раней. Гэта стала вядома сёння падчас візіту ў Мінск кіраўніка Латвійскай хакейнай федэрацыі Кірава Ліпмана, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле інфармацыі прэс-службы Федэрацыі хакея Беларусі, у 18-м адкрытым чэмпіянаце Беларусі (АЧБ) прымуць удзел латвійскія дружыны "Металургс" (Ліепая) і фарм-клуб рыжскага "Дынама" (папярэдняя назва "Дынама-Юніёрс"). Такім чынам, агульная колькасць удзельнікаў абмяжуецца 14 камандамі.
Ад нашай краіны выступяць "Юнасць" (Мінск), "Гомель", "Металург" (Жлобін), "Хімвалакно" (Магілёў), "Віцебск", "Керамін" (Мінск), "Нёман" (Гродна), "Хімік-СКА" (Наваполацк), "Шыннік" (Бабруйск), "Брэст" і "Шахцёр" (Салігорск). Латвію прадставяць "Металургс" (Ліепая) і "Дынама-Юніёрс" (Рыга), а Украіну дэлегуе на агульны турнір кіеўскі "Сакол", які вярнуўся ў беларускую экстралігу пасля двухгадовага перапынку, падчас якога выступаў у другім па рангу эшалоне чэмпіянату Расіі, які называецца вышэйшай лігай.
Паводле папярэдняга праекта, на першым этапе ўдзельнікі згуляюць адзін з адным у 4 кругі, пасля чаго 8 найлепшых каманд па сістэме плэй-оф працягнуць барацьбу за медалі. Прычым дасягнута прынцыповая дамоўленасць аб тым, што ў выпадку выхаду ў плэй-оф па спартыўным прынцыпе, замежныя клубы працягнуць удзел у спаборніцтвах на роўных з беларусамі ўмовах. Нагадаем, што ў мінулым сезоне 4 латвійскія каманды самі адмовіліся ад працягу барацьбы за ўзнагароды ў плэй-оф.
Скарачэнне прадстаўніцтва прыбалтоў у АЧБ абумоўлена фінансавымі складанасцямі ў двух іншых кандыдатаў - даўгаўпілскага "Латгале" і "Рыгі-2000". Таму праўленне Латвійскай хакейнай федэрацыі не дало добра на іх выступленне ў Беларусі.
Зрэшты, "Дынама-Юніёрсу" і "Металургсу" для ўключэння ў лік удзельнікаў АЧБ яшчэ трэба прадаставіць гарантыйныя лісты аб фінансавай справаздачнасці клубаў.
У мінулым сезоне ў чэмпіянаце Беларусі выступалі 4 латвійскія каманды. Увайсці ў зону плэй-оф, заняўшы ў рэгулярным сезоне 8-е месца, здолеў толькі чэмпіён Латвіі ліепайскі "Металургс". "Рыга-2000" у рэгулярным сезоне была 11-й, "АСК-Огрэ" - 12-й, а "Латгале" - 13-й сярод 14 клубаў.
Падчас візіту кіраўніка ЛХФ асобная ўвага была нададзена пытанню ўдзелу дзіцячых каманд з Латвіі ў першынствах Беларусі. Як заявіў Ліпман, Латвійская хакейная федэрацыя дасць згоду на працяг звычайнай практыкі толькі ў тым выпадку, калі ў бацькоў хлопцаў, якія выступаюць за юніёрскія каманды, не будзе пярэчанняў адносна частых паездак хакеістаў у Беларусь. Справа ў тым, што пропускі заняткаў часам негатыўна адбіваюцца на паспяховасці юных гульцоў у навучальных установах.
Абмяркоўваліся таксама пытанні таварыскіх гульняў зборных Беларусі і Латвіі. У жніўні беларуская "маладзёжка" адправіцца ў Рыгу на традыцыйны Мэмарыял Сяргея Жолтака, запланавана таксама некалькі спарынгаў.-0-