У Пальмінскай сярэдняй школе Гарадоцкага раёна з'явіўся новы аўтобус для падвозу дзяцей з бліжэйшых вёсак

Дадатковая тэхніка спатрэбілася таму, што з гэтага навучальнага года да ўстановы далучылі Кабішчанскі дзіцячы сад-школу і ў аграгарадок трэба дастаўляць 40 дзяцей з вёсак Кабішча, Хартава і Бароўцы.


— Камфортны аўтобус айчыннай вытворчасці змяшчае каля 30 навучэнцаў і будзе рабіць па два рэйсы ў абодва бакі штодня, — сказала дырэктар СШ Таццяна Філімонава. — Велізарны дзякуй абласным уладам за дапамогу ў камплектаванні транспартнага парку.

Ключы ад аўтобуса педагогам уручылі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў і начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. Ганаровыя госці выказалі надзею, што ад скасавання нешматлікай школы хлапчукі і дзяўчынкі з сельскай мясцовасці толькі выйграюць у плане якасці адукацыі і не адчуюць нязручнасцей. Для чыноўнікаў арганізавалі экскурсію па навучальнай установе, а ў актавай зале прайшоў урачысты канцэрт.

Эдуард Каралевіч, «Віцебскія весці».