У памяць аб уручэнні Оршы вымпела за мужнасць і стойкасць у гады ВАВ мясцовыя ветэраны атрымалі незвычайныя падарункі
24 жніўня, Орша /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У памяць аб уручэнні Оршы вымпела "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны" ветэраны - жыхары Оршы атрымалі ў падарунак свае жывапісныя партрэты, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вайна - самая цяжкая і трагічная старонка ў гісторыі нашага горада, і для цяперашняга пакалення аршанцаў памяць аб ёй свяшчэнная", - сказаў на ўрачыстай цырымоніі з нагоды ўручэння вымпела старшыня Аршанскага гарвыканкама Мікалай Лісоўскі.
Гэтая памяць жыве і ў творах аршанскіх паэтаў і мастакоў. Да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мясцовы мастак Уладзімір Жытноў напісаў серыю жывапісных партрэтаў сваіх землякоў - ветэранаў вайны. Выстава ўпершыню экспанавалася ў мемарыяльным музеі Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. У дзень уручэння Оршы вымпела на святочнай цырымоніі мастак уручыў свае партрэты шасці ветэранам - героям мінулай вайны. Характэрна, што самая першая выстава работ мастака была прысвечана 35-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. -0-