У першы дзень датэрміновага галасавання на Віцебшчыне свой выбар зрабілі амаль 5% выбаршчыкаў
На ўзровень актыўнасці грамадзян звярнуў увагу і аўтар гэтых радкоў падчас наведвання 13 лютага акруговай выбарчай камісіі Горкаўскай акругі №52 па выбарах дэпутатаў абласнога Савета, якая размясцілася ў сярэдняй школе №14.
Нагода пазнаёміцца з арганізацыяй датэрміновага галасавання менавіта ў гэтым выбаркаме была важкай. Акруга №52 упершыню з'явілася на электаральнай карце Віцебшчыны, так што ў аблсавеце 28-га склікання прадстаўляць інтарэсы жыхароў абласнога цэнтра будуць ужо 17 замест 16 народных абраннікаў.
Па памерах яна атрымалася працяглай, у яе ўвайшлі мікрараёны на заходняй ускраіне Віцебска, у тым ліку тэрыторыі, прылеглыя да вуліцы Максіма Горкага, размешчаныя каля «Віцебскдрэва» і «Маналіта», рачнога порта, а таксама пасёлак Тарны.
Акруга ахоплівае немалы прыватны сектар і шматпавярховыя забудовы, але гэта, як адзначыла старшыня акруговай выбарчай камісіі Ірына Лосева, ніяк не адбілася на працы ўчастковых камісій, у прыватнасці, падчас удакладнення спісаў выбаршчыкаў, а таксама пры апавяшчэнні іх аб часе і месцы галасавання.
Усяго ў акрузе ўтворана 9 участковых выбаркамаў. Яны размешчаны, як правіла, ва ўстановах адукацыі. Усе мерапрыемствы праводзяцца ў адпаведнасці з каляндарным планам па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, зацверджаным ЦВК.
Дарэчы, дакладнай арганізацыі працы шмат у чым спрыяе якасная метадычная падтрымка, якая аказваецца ЦВК. А яшчэ – вопыт удзелу ў выбарчых кампаніях мінулых гадоў, які маецца ў членаў акруговага выбаркама. Ірына Лосева працавала ва ўчастковай камісіі на папярэдніх выбарах. Сёлета сярод 13 яе калег прадстаўнікі розных прафесійных сфер, грамадскіх арганізацый, людзі розныя па ўзросце, але аб'яднаныя адной задачай – на высокім узроўні правесці выбары дэпутатаў мясцовых прадстаўнічых органаў улады.
Усяго ў спісы выбаршчыкаў для галасавання па акрузе №52 унесена 13499 чалавек. З іх ужо ў першай палове першага дня датэрміновага галасавання зрабілі выбар 365 грамадзян, або 2,7%. На адным з участкаў прагаласавала каля 10% выбаршчыкаў.
Такая актыўнасць можа сведчыць аб якасці праведзенай арганізацыйнай работы на падрыхтоўчым этапе членамі выбарчых камісій. На яе ўплывае і ўзровень канкурэнцыі. У 52-й акрузе двое прэтэндэнтаў на мандат. Вядуць агітацыйную працу з выбаршчыкамі яны па-рознаму. А хто стане 17-м прадстаўніком жыхароў Віцебска ў абласным Савеце дэпутатаў, даведаемся зусім хутка – 18 лютага.