У Полацку гэтай вясной высадзяць каля 4 тысяч дрэў і 75 тысяч кветак

В Полоцке этой весной высадят около 4 тысяч деревьев и 75 тысяч цветов

Амаль 4 тысячы дрэў і 75 тысяч кветак будзе высаджана ў Полацку ў гэтым сезоне ў рамках рэалізацыі ініцыятывы, падтрыманай еўрапейскімі партнёрамі. На пасяджэнні Полацкага філіяла Віцебскага абласнога саюза наймальнікаў абмеркавалі, як справіцца з задачай агульнымі намаганнямі.

– Без вашай падтрымкі велізарную працу па азеляненні горада выканаць немагчыма, – сказаў, звяртаючыся да дырэктарскага корпуса, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Лейчанка. Ён заклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў арганізаваць удзел калектываў у агульнай справе. Бо ў прыгожым горадзе прыемней жыць і працаваць, а зялёныя насаджэнні не толькі цешаць вока, але і спрыяюць паляпшэнню экалагічнай сітуацыі.

Летась Полацкім райвыканкамам быў зацверджаны мясцовы экалагічны план дзеянняў. У рамках яго рэалізацыі распрацаваны праект па паляпшэнні якасці атмасфернага паветра шляхам азелянення трох зон і стварэння гадавальніка зялёных насаджэнняў на базе Дзіцячага экалагічнага цэнтра. Гэты праект атрымаў фінансавую падтрымку ў суме 50 тыс. еўра ад Рэгіянальнага экалагічнага цэнтра па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Як расказала начальнік камунальнага аддзела КУП ЖКГ Таццяна Кананава, будуць закуплены насенне кветак, пабудавана ацяпляная цяпліца плошчай 240 кв. м, набыты саджанцы дрэў і кустоў: хвойныя, лісцевыя, прыгожа квітнеючыя і дэкаратыўныя расліны.

У Полацку з'явіцца парк Моладзі вакол помніка Дойліду Іаану. У раёне развязкі на вул. П. Баўкі будуць створаны новыя горкі і кветнікі, дапоўненыя кампазіцыяй з дрэў і кустоў. Запланаваны кветкавыя кампазіцыі на вул. Ефрасінні Полацкай, каля райвыканкама, ЗАГСа, на плошчы Свабоды, на праспекце Ф. Скарыны.

Ларыса Малашэня, "Віцебскія весці"