У Полацку пачалося грамадскае абмеркаванне перайменавання адной з вуліц у гонар Грунвальдскай бітвы

30 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Грамадскае абмеркаванне аб перайменаванні адной з вуліц Полацка ў гонар 600-годдзя Грунвальдскай бітвы пачалося ў гэтым старажытным горадзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай Ільюшонак. Анкетаванне, апытанні жыхароў і арганізацый, абмеркаванне ў гарадской газеце - вось далёка не поўны пералік спосабаў, якімі гарадскія ўлады вывучаюць меркаванне гараджан. Ініцыятыва назваць адну з вуліц Полацка Грунвальдскай належыць Полацкаму зямляцтву. Яго члены лічаць, што Полацк павінен адзначыць 600-гадовы юбілей знакамітай бітвы, дзе аб'яднаныя сілы Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства разграмілі армію Тэўтонскага ордэна. Велізарны ўклад у перамогу ўнеслі беларускія харугвы. Полацкі полк сярод іх быў адным з самых буйных і добра ўзброеных. Мужнасць палачан не засталася незаўважанай ні сучаснікамі, ні гісторыкамі, сказана ў лісце, якое ад імя зямляцтва падпісаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага саюза журналістаў, старшыня зямляцтва Навум Гальперовіч. Як адзначыў Мікалай Ільюшонак, змены ў гарадской тапаніміцы Полацка гістарычна абумоўлены і заўсёды праходзяць з удзелам жыхароў горада. На працягу двух месяцаў вывучаецца грамадскае меркаванне. Калі гараджане станоўча ўспрымаюць прапанаваныя змены, то пытанне выносіцца на абмеркаванне дэпутатаў, а яны на сесіі прымаюць канчатковае рашэнне. Прапанова зямляцтва будзе разгледжана па аналагічнай схеме.-0-