У Полацку ўзнагароджаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча

У Полацку падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча "Я здымаю кіно", паведамілі ў Полацкім райвыканкаме.

Уладальнікамі Гран-пры конкурсу сталі ў намінацыі "Анімацыя" - дзіцячая творчая студыя "Фабрыка зорак" (Мінск) за анімацыйны фільм "Бабулін агарод".

У намінацыі "Дакументальны фільм" - Аляксей Аверук (Гродна) за стужку "Стары добры клавесін". У намінацыі "Ігравы пастановачны фільм" - студыя "KONI crew" (Мінск) за мастацкі фільм "Безыменныя". Дыпломамі I, II і III ступені адзначаны аўтары лепшых работ у намінацыях "Рэклама", "Сацыяльны ролік", "Эсэ", "Тэматычная праграма", "Музычны кліп", "Ад Полацка пачаўся свет...". Апошняя з'явілася сёлета ў гонар шматвяковай гісторыі горада. Прыз гледачовых сімпатый падзялілі 6 конкурсантаў.

У 2017 годзе конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча прайшоў чацвёрты раз, упершыню - у статусе рэспубліканскага. За перамогу ў ім змагаліся 96 удзельнікаў (22 прафесіяналы, 43 аматары, астатнія - студыі) ва ўзросце ад 14 да 66 гадоў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Эстоніі і Германіі, якія прапанавалі на суд гледачоў і прафесійнага журы 187 работ у розных жанрах (66 дакументальных фільмаў, 54 ігравых, 9 анімацый, 14 кліпаў, 12 рэкламных і 20 сацыяльных ролікаў, 8 тэматычных праграм і 5 эсэ).

Акрамя таго, сёлета ў форуму з'явіліся шэсць даччыных конкурсаў: "Усе мы родам з дзяцінства" (сярод дзіцячых дашкольных устаноў адукацыі), "Вялікая перамена" (сярод вучняў 1-7 класаў), "Мы - маладыя, надзея краіны" (сярод вучняў 8-11 класаў), "SmartСТУДЫЯ" (сярод навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі), "У аб'ектыве - чалавек" (сярод сельскіх выканаўчых камітэтаў), "У аб'ектыве - прадпрыемства" (сярод работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў). У іх прынялі ўдзел амаль 70 прадпрыемстваў і ўстаноў Полацка і Полацкага раёна, якія заявілі 124 работы.

Арганізатары конкурсу - Міністэрства культуры, Віцебскі аблвыканкам, Полацкі райвыканкам, Нацыянальная кінастудыя

"Беларусьфильм", Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

БЕЛТА.