У Полацку абвешчаны конкурс на распрацоўку канцэпцыі асвятлення і добраўпарадкавання горада
У Полацку абвешчаны конкурс на распрацоўку канцэпцыі асвятлення і добраўпарадкавання горада. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме, да праектавання прапануецца некалькі гарадскіх прастор: гістарычны цэнтр, раён Задзвінне, раён Аэрапорт, уезды ў Полацк.
Удзельнікам конкурсу (ім могуць стаць прафесійныя архітэктары і мастакі-дызайнеры, а таксама выпускнікі і студэнты архітэктурных і мастацкіх ВНУ) прапануецца распрацаваць арыгінальныя архітэктурныя ідэі па падсвятленні фасадаў будынкаў, афармленні гандлёвай рэкламы, па элементах добраўпарадкавання вуліц і сквераў, уключаючы азеляненне, сістэмы асвятлення і малыя архітэктурныя формы. "Асноўная творчая задача - знайсці прагрэсіўныя па задуме і эфектыўныя з пункту гледжання матэрыяльных укладанняў комплексныя архітэктурныя рашэнні, здольныя мадэрнізаваць і гарманізаваць прасторавую сераду Полацка з улікам сучасных функцыянальных і эстэтычных патрабаванняў", - адзначылі ў райвыканкаме. Колькасць прадстаўленых конкурсных праектаў ад кожнага аўтара або аўтарскага калектыву не абмежавана.
Адкрыты архітэктурны конкурс, арганізаваны КУП "Жыллёва-камунальная гаспадарка г.Полацка", ставіць мэту прыцягнуць творчыя сілы архітэктараў да пошуку цікавых канцэптуальных ідэй па стварэнні новага архітэктурнага аблічча, камфортнага і эстэтычнага гарадскога асяроддзя Полацка.
Праекты-прапановы па змене аблічча вуліц і плошчаў будуць прымаць у райвыканкаме з 18 да 29 мая. Пераможцы творчага спаборніцтва будуць абвешчаны ў сярэдзіне чэрвеня бягучага года. Аўтары лепшых работ атрымаюць дыпломы і грашовыя прэміі. Праекты-пераможцы будуць прадстаўлены грамадскасці горада для публічнага абмеркавання і рэкамендаваны для рэалізацыі.
Алена Ціханава