У Полацку адкрыўся Цэнтр абслугоўвання плацельшчыкаў інспекцыі па падатках і зборах

В Полоцке открылся Центр обслуживания плательщиков инспекции по налогам и сборам
У Полацку адкрыўся Цэнтр абслугоўвання плацельшчыкаў (ЦАП) на базе інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Полацкім раёне.

Якія ўмовы створаны для наведвальнікаў у ЦАП, што змянілася ў абслугоўванні плацельшчыкаў і як прайшоў першы працоўны тыдзень у новым фармаце?

– Усіх, хто пераступае парог будынка інспекцыі, сустракае адміністратар, – распавядае намеснік начальніка ІМЗС па Полацкім раёне Наталля Птуха. – Высветліўшы мэту візіту, ён іх арыентуе, як атрымаць тую ці іншую кансультацыю, куды звярнуцца для здзяйснення неабходных адміністрацыйных працэдур. У ЦАП укаранёна сучасная сістэма электроннай чаргі. У цэнтры можна самастойна, напрыклад, запоўніць і падаць дэкларацыю ў электронным выглядзе – для гэтага тут прадугледжана працоўнае месца для кліентаў, аснашчанае камп'ютарнай тэхнікай з выхадам у інтэрнэт.

У памяшканні ўсталявана відэакамера і вядзецца аўдыёзапіс размоў з наведвальнікамі, што, па словах работнікаў інспекцыі, па-першае, дысцыплінуе, а па-другое, у выпадку неабходнасці дапаможа аднавіць дэталі размовы. Як адзначае Наталля Аляксандраўна, згодна з колькасцю выдадзеных талонаў за дзень у цэнтры абслугоўваюць каля 90 наведвальнікаў.

Што яшчэ прыцягвае ўвагу ў новым цэнтры – так гэта дзіцячы куток. Пакуль бацькі вырашаюць «дарослыя» справы, дзеці могуць пачытаць кніжкі, якія раскажуць, што такое падаткі, або заняцца размалёўкай, паскладаць словы на магнітнай дошцы.

– Мы стараліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для нашых наведвальнікаў, – тлумачыць начальнік інспекцыі Іна Акулінічава. – Гэта сёмы цэнтр па абслугоўванні плацельшчыкаў у Віцебскай вобласці, прадугледжаны стратэгіяй развіцця падатковых органаў Рэспублікі Беларусь. Укаранёны экстэрытарыяльны прынцып, сутнасць якога ў тым, што любы плацельшчык, незалежна ад таго, дзе стаіць на падатковым уліку альбо пражывае, можа звярнуцца ў цэнтр з заявай аб ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры альбо падаць дэкларацыю.

"Віцебскія весці".