У Полацку адзначылі Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай

В Полоцке отпраздновали День памяти преподобной Евфросинии Полоцкой
5 чэрвеня адзначаецца Дзень памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай.

Урачыстасці, прысвечаныя гэтай асаблівай для ўсёй беларускай зямлі даце, прайшлі ў Полацку. Ужо напярэдадні горад стаў цэнтрам прыцягнення шматлікіх паломнікаў, гасцей з розных куткоў краіны, якія прыбылі, каб разам з палачанамі славіць імя святой Ефрасінні і яе духоўны подзвіг. Для многіх пакаленняў Ефрасінння Полацкая, якая заклала трывалыя традыцыі праваслаўя, з'яўляецца найярчэйшым прыкладам высокай духоўнасці і маральнасці, працавітасці і асветы. 

4 чэрвеня ў Спаса-Еўфрасіннеўскім стаўрапігіяльным жаночым манастыры адбылося святочнае Усяночнае трыванне. А ў суботу, 5 чэрвеня, урачыстасці адкрыліся Боскай літургіяй у Сафійскім саборы, адкуль затым да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра адправіўся шматлюдны Хрэсны ход. Яго ўдзельнікі з прасветленымі тварамі ішлі дарогай Прападобнай з песнапеннямі, многія неслі ў руках іконкі. Спыніўшыся каля помніка Ефрасінні Полацкай, усклалі кветкі да яго падножжа. 

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, архіепіскапы і епіскапы, іншыя прадстаўнікі духавенства, кіраўніцтва Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, выканаўчай улады Полацкага раёна, горада Наваполацка, гараджане і госці. Тэрыторыя манастыра сустрэла Хрэсны ход у кветкавым убранні. Пасля адбыўшагася малебна быў агучаны прывітальны адрас, які паступіў ад старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай. Са святам усіх сабраўшыхся павіншавалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў і старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта Ігар Марковіч. З прапаведніцкімі словамі да вернікаў звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

…Дзень памяці святой Ефрасінні Полацкай, аб'ядноўваючы ўсіх вакол ідэалаў хрысціянства, вяртае да спрадвечных каштоўнасцей і ўмацоўвае сувязь з гісторыяй, слаўнымі справамі нашых продкаў. На працягу стагоддзяў нябесная заступніца беражэ нас і натхняе на добрыя ўчынкі. І, захоўваючы ў душы яе вобраз, мы ўмацоўваемся ў сваёй веры і з часам усё больш усведамляем веліч здзяйсненняў і праведных прац святой зямлячкі.

"Віцебскія весці".