У Полацку перадалі зямлю з месцаў пахавання малдаван, якія загінулі на тэрыторыі вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны
У Полацкім, Верхнядзвінскім, Лепельскім, Пастаўскім, Расонскім раёнах і Наваполацку ёсць брацкія магілы, дзе спачываюць сыны Малдовы. Усяго на цяперашні момант устаноўлена 77 прозвішчаў загінулых на тэрыторыі нашай краіны воінаў-малдаван.
Па ініцыятыве Пасольства Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь з усіх месцаў пахаванняў, размешчаных у Сінявокай, сабрана зямля. Пасольству Малдовы яе перадалі ўжо практычна ўсе рэгіёны.
Пасля завяршэння акцыі адну з капсул з зямлёй плануецца змясціць у крыпту храма-помніка Усіх святых у Мінску, а другую – у музей мемарыяльнага комплексу «Шэрпенскі плацдарм» у Малдове. Гэта месца асабліва шануецца малдаванамі: тут у 1944 годзе прайшлі самыя крывавыя баі Яска-Кішынёўскай аперацыі, у выніку якой Малдова была вызвалена Чырвонай арміяй ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
– У Вялікай Айчыннай вайне беларусы першымі з усіх савецкіх народаў прынялі на сябе ўдар ворага, – адзначыў на ўрачыстай цырымоніі старшыня Полацкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук. – Мільёны жыццяў – вось цана, якую мы заплацілі за свабоду, незалежнасць і мірнае неба. Полацкая зямля стала арэнай найжорсткіх бітваў. Сведчанне таму – 116 воінскіх пахаванняў на яе тэрыторыі. За Перамогу змагаліся плячом да пляча прадстаўнікі розных народаў, якіх мы з упэўненасцю называем брацкімі. Сярод іх і малдаўскі. Сімвалічна, што цырымонія перадачы зямлі праходзіць на святым для кожнага жыхара Полаччыны месцы – каля Кургана Бессмяротнасці.
Кіраўнік Полацкага раёна Мікалай Шаўчук: Перадаючы Пасольству Рэспублікі Малдова зямлю з воінскіх пахаванняў, дзе спачываюць малдаўскія воіны, мы аддаём даніну памяці героям, якія заплацілі жыццём за наша мірнае сучаснае і будучае.
З 400 тысяч малдаван, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, загінула больш за палову.
– Цяжка ўявіць, што было б, калі б не яднанне савецкіх народаў у гэтай страшнай і вялікай вайне, – сказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Віктар Сарочан. – Сёння, як і тады, нам неабходна гэтае яднанне. Я ўдзячны ўсім беларусам, якія свята захоўваюць памяць аб загінулых. Спадзяюся, што гэта яшчэ больш умацуе дружбу і братэрства паміж двума народамі.
Перадачы зямлі папярэднічала заупакойная ліція аб загінулых воінах. Трапяткасць моманту падкрэсліла пранізлівая харэаграфічная кампазіцыя са свечкамі. Прысутныя замерлі ў смутнай хвіліне маўчання. Да падножжа Кургана Бессмяротнасці былі ўскладзены кветкі, прагучалі залпы воінскага салюту. Друкуючы крок, прайшла рота ганаровай варты.
Алена КАЛЕНІК, Полацк.
Фота Андрэя МАРЦІНКЕВІЧА.