У Полацку пажылых людзей навучаць карыстацца Інтэрнэтам, а ў Воршы выберуць самых таленавітых
28 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Шматлікія мерапрыемствы пройдуць у Віцебскай вобласці да Дня пажылых людзей, які адзначаецца 1 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.
Сярод іх прыёмы пажылых людзей, арганізаваныя мясцовымі органамі ўлады. Пытанні сацыяльнага абслугоўвання, аказання дапамогі гэтай паважанай катэгорыі грамадзян атрымаюць шырокае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі. Актуальныя пытанні геранталогіі абмяркуюць спецыялісты на рэгіянальнай канферэнцыі ў Наваполацку. Прамыя лініі па дадзенай тэме правядуць прадстаўнікі абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Культурна-забаўляльныя праграмы падрыхтавалі для пенсіянераў установы культуры, бібліятэкі. Найбольш маштабным сярод іх стане фестываль самадзейнай мастацкай творчасці "Залатая восень", які аб'яднае звыш 150 жыхароў Оршы і Аршанскага раёна ва ўзросце ад 50 да 80 гадоў. 1 кастрычніка на заключным туры форуму яны прадэманструюць свае творы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, вакальныя і харэаграфічныя даныя, пазмагаюцца ў дэкламацыі і ігры на розных інструментах. Пераможцаў чакаюць прызы і дыпломы.
Разам з гэтым важнае месца ў спісе святочных падзей займаюць мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне дасведчанасці пажылых людзей па пытаннях пенсійнага забеспячэння, сацыяльнай абароны, а таксама павышэнне іх сацыялізацыі. З мэтай апошняга, напрыклад, пры цэнтральнай бібліятэцы імя Скарыны ў Полацку спецыяльна для пенсіянераў у кастрычніку будуць арганізаваны навучальныя курсы па карыстанні камп'ютарам і Інтэрнэтам.
Акрамя таго, паўсюдна пройдуць месячнікі па аказанні шэфскай дапамогі ветэранам у добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, нарыхтоўцы агародніны на зіму, вырашэнні бытавых праблем, дадалі ў камітэце.-0-