У Полацку прэзентуюць выставу грашовых знакаў першых дзесяцігоддзяў савецкай улады

В Полоцке представят выставку денежных знаков первых десятилетий советской власти

Выстава "Ад поўнавартаснага чырвонца да цвёрдага рубля СССР. Дзежзнакі першых гадоў савецкай улады" будзе прадстаўлена ў Полацку 6 лістапада да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

Выстава аднаго дня размесціцца ў Полацкім раённым Цэнтры культуры, дзе ў гэты дзень пройдзе святочны канцэрт, прысвечаны 98-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі. У экспазіцыю ўвойдуць каля 60 прадметаў з музейнага збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Наведвальнікі змогуць убачыць невялікую частку нумізматычнай і баністычнай калекцый музея, дакрануцца да гісторыі грашовых знакаў з 1922 па 1961 гады (дзяржаўныя грашовыя знакі РСФСР, банкаўскія білеты Дзяржаўнага банка СССР (чырвонцы), дзяржаўныя казначэйскія білеты СССР, разменныя казначэйскія боны СССР і інш.).

"Многія манеты, выпушчаныя ў перыяд існавання Савецкага Саюза, маюць для прыватных калекцыянераў велізарную каштоўнасць. Іх кошт часта перавышае кошт больш старых экзэмпляраў. Асаблівую цікавасць выклікаюць чырвонцы, таму што іх з'яўленне ўнесла сур'ёзныя змены ў грашовую сістэму Саюза. Гэта былі грошы, цалкам забяспечаныя плацінай, золатам, срэбрам, замежнай валютай і таварамі павышанага попыту. Дзяржаўныя гарантыі чырвонцаў былі цвёрдымі: 1 чырвонец абменьваўся на 8,6 г чыстага золата", - адзначылі арганізатары выставы. У фондах музея-запаведніка захоўваюцца больш за 11 тыс. прадметаў нумізматыкі і каля 2 тыс. прадметаў баністыкі. У філіялах музея-запаведніка - Музеі беларускага кнігадрукавання, Краязнаўчым музеі, на стацыянарнай выставе "Прагулка па Ніжня-Пакроўскай" таксама можна ўбачыць папяровыя грошы і манеты савецкага перыяду.

Пачатак канцэрта ў Цэнтры культуры ў 15.00, выстава грашовых знакаў будзе працаваць з 14.30 да 16.30.

Алена Ціханава, БЕЛТА.